1. Глянь на нас, дзетачак, Маці святая,
Светач вачэй Тваіх хай нам заззяе.
Сваёй апекаю Ты нас атулі,
За ўсіх дзяцей Тваіх Бога малі, Бога малі.
2. Матачка добрая, ў сэрцы пяшчотным
Верны прытулак дай дзеткам гаротным.
Духа нячыстага ад нас аддалі, —
За бедных грэшнікаў Бога малі, Бога малі!
3. Ты на Кальварыі ў скрусе стаяла,
Маці для кожнага з вернікаў стала,
Не пакідай жа нас, дзе б мы не былі,
І за святы Касцёл Бога малі, Бога малі!
4. Ты, што у Будславе і ў Вострай Браме
Любові матчынай слынеш дарамі,
Доляю лепшаю наш люд надзялі,
За беларускі край Бога малі, Бога малі!
5. Табе пакорныя зямля й нябёсы,
Мы аддаем Табе нашыя лёсы.
Будзь нам Заступніцай вернай на зямлі
І ў смерці нашай час Бога малі, Бога малі!