1. Езу, Ты бачыш, крыж Твой не мінаю,
Езу, Ты бачыш, крыжа не баюся.
З болем на Крыж Твой цяжкі пазіраю,
Да трона Бога на зямлі імкнуся.
2. На крыж кладу я ўсе мае жаданні,
Тут прыбіваю грэшных думак мроі,
Сэнс свой шукаю я ва ўкрыжаванні,
Дзе з-пад кароны кроў цячэ па скроні.
3. Стаўшы пад крыжам, стомлены сабою,
Прагну я ў сэрцы несці крыж заўсёды,
Каб не глуміўся вораг нада мною,
Каб крочыць шляхам праўды і свабоды.
4. Не заслужыў я ласкі суцяшэння,
Бо вельмі доўга ад Цябе хаваўся.
Ты, Пане, клікаў да майго сумлення,
А я ў цемры моўчкі заставаўся.
5. Ты мне насустрач першы выйшаў, Пане,
Каб запрасіць зноў на свой шлях крыжовы.
Так і не выйшаў я на прывітанне
Збаўцы, што міласць даць мне быў гатовы.
6. Дай мне заўсёды быць з Табою, Збаўца,
Каб крыж мой стаўся мужнасцю і сілай.
Каб у жыцці больш з крыжам не расстаўся,
Каб ён узнёсся над маёй магілай.