НАЙБОЛЬШ ЗНАЧНЫЯ
ПАДЗЕІ ГІСТОРЫІ ШЧУЧЫНШЧЫНЫ
1009 год – на памежжы Літвы і Русі смерцю мучаніка ад рук язычнікаў загінуў біскуп святы Бруна Баніфацы Квэрфурцкі. Паводле меркавання некаторых гісторыкаў гэта падзея магла адбыцца ў ваколіцах сучаснай Астрыны.
1253 год – у Іпацьеўскім летапісе ўпершыню ўзгаданы Турэйск.
1379 год – у літоўска-крыжацкай дамове ўпершыню ўзгадваецца Астрына.
1385 год – у створаным на падставе данясенняў шпіёнаў крыжакоў «Scriptores rerum Prussicarum» («Апісанні літоўскіх дарог») узгадваюцца Астрына, Бакшты, Бершты, Васілішкі, Жалудок, Ліпічна, Ляцк, Родзевічы, Ражанака і Турэйск.
1407 год – пабудавана драўляная царква (капліца Вітаўта), на месцы якой у ХVІ стагоддзі збудавалі абарончы храм у Мураванцы.
1407 год – у Скрыбаўцах узнікла каталіцкая парафія Хрыста Валадара.
1415 год – польскі кароль Ягайла (Уладзіслаў ІІ) наведаў Васілішкі.
1420 (1424) год – першая ўзгадка ў пісьмовых крыніцах пра касцёл у Лядску.
1436 год – трокскі ваявода Пётр Лелюш разам з Андрушкам Вязовічам і Івашкам Прасціловічам-Скіндарам фундавалі будаўніцтва ў Шчучыне касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі і Апостала Якуба.
1473 год – фундацыя каталіцкай парафіі ў Старых Васілішках.
1480 год – па загадзе Вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра пабудаваны драўляны касцёл у Жалудку.
1480 год – пабудаваны першы драўляны касцёл у Новым Двары.
1486 год – Васілішкі і Жалудок упершыню ўзгадваюцца ў якасці мястэчак.
1487 год – Астрына атрымала статус мястэчка.
1489 год – па загадзе Вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра пабудаваны драўляны касцёл у Старых Васілішках.
1496 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык правёў сейм у Берштах.
1499 год – складзены першы інвентар драўлянай царквы ў Берштах.
1505 год – кароль надаў у спадчыннае валоданне вялікаму падскарбію літоўскаму Якубу Давойне былыя каронныя землі – Ішчалнянскую і Шчучынскую пушчы.
1506 год – Васілішкі ўпершыню былі узгаданы як горад («места») у пісьмовых крыніцах.
1506 год – Жалудок моцна пацярпеў ад нашэсця татараў, быў цалкам знішчаны касцёл.
1506 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары надаў Міхаілу Гагіну былое каралеўскае ўладанне – двор Мажэйкава.
1508 год – двор Мажэйкава быў адабраны ў Гагіна за здраду і перададзены Льву Тышкевічу.
1513 год – Шчучын перайшоў ва ўласнасць роду Радзівілаў пасля смерці жонкі Юрыя (Ежы) Радзівіла «Геркулеса» Барбары Кішкі.
1514 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары пацвердзіў князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму права на валоданне Мажэйкавам.
1514 год – ваявода Падляскі Мікалай Юр'евіч Пац з жонкай Аляксандрай Гальшанскай фундавалі будаўніцтва касцёла ў Ражанцы.
1514 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары падараваў 70 двароў каля Астрыны родзічу Крымскага хана – Азубек-салтану – заснавальніку татарскага роду так званых «царэвічаў Астрынскіх».
1515 год – на сродкі Эйшышскага старасты Андрэя Давойны быў збудаваны драўляны касцёл у Ішчална.
1515 год – Ішчална і Шчучын аддадзены Давойнам у арэнду прадстаўнікам роду Лімантаў.
1515 год – пабудавана драўляная царква ў Ракавічах.
1516 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары аддаў у заклад двор Жалудок за 600 коп грошаў князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму.
1517 год – Шчучын упершыню ўзгадваецца ў Метрыцы Літоўскай.
1520 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары аддаў у заклад Астрыну за 500 коп грошаў Аляксандру Іванавічу Хадкевічу.
1522 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары некаторы час жыў у Васілішках.
1523 год – Васіль Губар атрымаў ва ўласнасць маёнтак Красулі, куды прывёз са Смаленску цудадзейны абраз Божай Маці (абраз захоўваецца ў касцёле ў Жалудку).
1524 год – пабудаваны абарончы храм у Мураванцы.
1529 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары пацвердзіў фундуш на адноўлены касцёл у Жалудку.
1535 год – Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары аддаў Жалудок у валоданне перабежчыку з Маскоўскага княства ваяводзе Івану Васільевічу Ляцкаму.
1540 год – першыя звесткі пра царкву ў Заблоцці (цяперашні аграгарадок Першамайск).
1540 год – на сродкі каралевы Боны адноўлены драўляны касцёл у Старых Васілішках.
1541 год – па смерці Юрыя (Ежы) Радзівіла «Геркулеса» Шчучын перайшоў ва ўласнасць вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога.
1547 год – Станіслаў Давойна разбудаваў у Ішчална мястэчка.
1547 год – Ішчална і Шчучын становяцца спадчынным ўладаннем Лімантаў.
1550 год – Заблоцце (цяперашні Першамайск) перададзена ва ўласнасць уцекачу з Масковіі баярыну Міхаілу Сабакіну, пасля чаго паселішча пачалі называць Сабакінцы.
1553 год – адбудова драўлянага касцёла ў Лядску.
1555 год – Ятвеск атрымаў статус мястэчка.
1556 год – Астрынская царква Спаса атрымала пацверджанне фундуша ад караля польскага Жыгімонта Аўгуста.
1558 год – першыя пісьмовыя звесткі пра царкву ў Турэйску.
1569 год – Вялікае Мажэйкава перайшло ва ўласнасць магнацкага роду Хадкевічаў.
1580 год – з фундацыі Каспара Кладзінскага пабудаваны драўляны касцёл у Каменцы.
1593 год – Шчучын упершыню ўзгадваецца як мястэчка.
1594 год – Павел Пац аддаў у заклад сваё спадчыннае ўладанне Ражанку падскарбію літоўскаму Дзмітрыю Халецкаму.
1599 год – Пётр Нонхарт разбудаваў мястэчка ў Каменцы.
1602 год – у Ятвеску пабудаваны драўляны касцёл.
1613 год – Шчучын упершыню ўзгадваецца як горад («места») у пісьмовых крыніцах.
1616 год – браты Ян і Мікалай Ліманты падзялілі паміж сабой спадчынныя ўладанні: Ян атрымаў Ішчална, а Мікалай – Шчучын.
1616 год – Вялікае Мажэйкава купіў Віленскі ваявода Януш Скумін-Тышкевіч.
1617 год – канцлер ВКЛ Леў Сапега ініцыяваў перабудову драўлянага касцёла ў Ражанцы ў мураваны храм.
1623 год – першая ўзгадка пра яўрэйскую абшчыну ў Астрыне.
1630 год – першая ўзгадка ў пісьмовых крыніцах аб уніяцкай царкве ў Турэйску.
1633 год – кароль Уладзіслаў Ваза зладзіў у Берштах вялікае паляванне.
1634 год – жыхары Орлі атрымалі права выбіраць войта і лаўнікаў і праводзіць кірмаш раз на тыдзень.
1641 год – кароль Уладзіслаў Ваза надаў прывілей на Магдэбургскае права і ўласны герб для Астрыны.
1644 год – Мсціслаўскі войскі Ян Паўпята набыў Ішчална ў Давоўнаў.
1648 год – Васілішкі атрымалі прывілей на Магдэбургскае права.
1652 год – заснавана каталіцкая парафія ў Васілішках.
1652 год – першая ўзгадка пра драўляную сінагогу ў Астрыне.
1655 год – маскоўскія войскі знішчылі касцёл у Васілішках.
1656 год – падчас вайны моцна пацярпела ад маскоўскага войска царква ў Мураванцы.
1658 год – заснаваны дамініканскі кляштар у Васілішках.
1658 год – Марцін Лімант пабудаваў у Васілішках новую драўляную сінагогу.
1659 год – маскоўскімі войскамі ў Ражанцы быў разрабаваны касцёл і забіты святар Сымон Птак.
1659 год – маскоўскія войскі князя Хаванскага цалкам знішчылі Вялікае Мажэйкава.
1662 год – каля Астрыны мяцежнымі салдатамі быў забіты генерал літоўскай артылерыі Вінцэнт Аляксандр Корвін-Гасеўскі.
1666 год – па фундацыі Крыштафа Жыгімонта Паца быў пабудаваны касцёл у Астрыне.
1666 год – у Літоўскай метрыцы ўпершыню ўзгаданы маёнтак Арлея (Орля).
1669 год – Ішчална набыла князёўна Яўгенія Карыбут-Вішнявецкая.
1670 год – пабудаваны новы драўляны касцёл у Новым Двары.
1674 год – 17 чэрвеня адбылася кансэкрацыя (пасвячэнне) мураванага касцёла ў Ражанцы.
1674 год – па фундацыі падстарасты Лідскага Эльяша Міхала Рынвіда і яго жонкі Крысціны Беаты з роду Гружэўскіх пабудаваны мураваны касцёл у Дэмбрава.
1674 год – у Жалудку быў перабудаваны драўляны касцёл.
1676 год – у Дэмбрава пачала дзейнічаць місія езуітаў.
1676 год – кароль Ян Сабескі надаў Сабакінцам Магдэбургскае права.
1676 год – Ішчална перайшло ва ўласнасць падскарбія літоўскага Казіміра Францкевіча-Радзімінскага.
1679 год – пабудаваны новы драўляны касцёл у Лядску.
1680 год – Жалудок стаў уласнасцю прадстаўнікоў роду Францкевічаў-Радзімінскіх.
1682 год – Казімір Францкевіч-Радзімінскі фундаваў заснаванне кармеліцкага кляштара ў Жалудку.
1682 год – Віленскі ваявода Міхал Казімір Пац падпісаў дамову аб выкупе ў Халецкіх Ражанкі.
1683 год – Ежы Юзафовіч-Глябіцкі, ажаніўшыся на ўдаве Ліманта, становіцца ўладальнікам часткі Шчучына.
1685 год – 28 чэрвеня кароль Ян ІІІ Сабескі выдаў прывілей на вольнасці Астрыне.
1685 год – пабудавана новая сінагога ў Васілішках.
1685 год – сейм ухваліў заснаванне канвента кармелітаў у Жалудку.
1690 год – першая пісьмовая ўзгадка пра Касцянева.
1691 год – Ежы Юзафовіч-Глябіцкі выкупіў Вялікі і Малы Шчучын у Крыштафа Ліманта, завяршыўшы аб'яднанне мястэчка.
1694 год – Ішчална пераходзіць ва ўласнасць Гераніма Скарбак-Важынскага.
1699 год – статус місіі езуітаў у Дэмбрава быў падвышаны да рэзідэнцыі.
1702 год – у касцёле ў Жалудку быў забіты шляхціч Качаноўскі, у выніку ў святыні на некаторы час было забаронена адпраўляць набажэнствы.
1706 год – падчас Паўночнай вайны ў Васілішках размяшчалася стаўка караля Станіслава Ляшчынскага.
1706 год – падчас Паўночнай вайны Каменцы, а пасля ў Жалудку ў кляштары кармелітаў размяшчалася стаўка шведскага караля Карла ХІІ.
1706 год – падчас Паўночнай вайны шведы абстралялі з гарамат абарончы храм у Мураванцы. Моцна разбураная царква доўгі час не дзейнічала.
1706 год – падчас Паўночнай вайны шведы разрабавалі касцёл у Ішчална і разбілі званы.
1707 год – Ішчална пераходзіць ва ўласнасць Юзафа Вала.
1708 год – падчас Паўночнай вайны рускі цар Пётр І наведаў Жалудок.
1710 год – маёнтак Вялікае Мажэйкава праз дынастычны шлюб вяртаецца ва ўласнасцю роду Хадкевічаў.
1717 год – адбудова касцёла і эрэгаванне (кананічнае ўзвядзенне) каталіцкай парафіі ў Шчучыне.
1718 год – у Шчучыне з'явіліся манахі каталіцкага ордэна піяраў і заснавалі калегіум.
1720 год – было пацверджана Магдэбургскае права для Новага Двара.
1726 год – сейм Рэчы Паспалітай пацвердзіў заснаванне ў Шчучыне калегіума піяраў.
1726 год – палова Жалудка ў якасці пасагу пераходзіць ва ўласнасць Міхала Тызенгаўза.
1727 год – Віленскі стараста Пётр Пац атрымаў каралеўскі прывілей, згодна з якім у Каменцы і Ражанцы дазвалялася праводзіць па тры штогадовых кірмашы.
1732 год – уладальнікі Шчучына запрасілі ў мястэчка каталіцкіх манашак-шарытак (сясцёр міласэрнасці).
1735 год – сёстры міласэрнасці адкрылі ў Шчучыне шпіталь для хворых.
1737 год – ладальнік Шайбакполя Лукаш Александровіч фундаваў францішканскі драўляны кляштар з драўляным касцёлам пад тытулам Святога Бенедыкта ў Шайбакполі.
1739 год – у Жалудоцкім фарным касцёле пры загадкавых абставінах ксёндз Пенскі застрэліў прыёра мясцовых кармелітаў Бенедыкта Куклінскага.
1740 год – Жалудок цалкам перайшоў ва ўласнасць роду Тызенгаўзаў.
1740 год – Міхал Людвік Тызенгаўз фундаваў будаўніцтва новага драўлянага касцёла ў Жалудку.
1742 год – пацвярджэнне заснавання канвента шарытак у Шчучыне.
1746 год – па смерці Тарэзы Юзафовіч-Глябіцкай Шчучын канчаткова перайшоў ва ўласнасць роду Сцыпіёнаў (Сцыпіё дэль Кампа).
1747 год – заснавана уніяцкая парафія ў Орлі.
1748 год – аб'яўленне цудатворнага абраза Маці Божай у Ракавічах.
1749 год – з фундацыі маршалка ігуменскай шляхты Станіслава Прушынскага пабудаваны новы драўляны касцёл у Новым Двары.
1753 год – пры канвенце шарытак ў Шчучыне быў пабудаваны новы шпіталь і школа для дзяўчынак.
1754 год – пабудавана новая драўляная царква ў Ракавічах.
1755 год – кароль Аўгуст ІІІ пацвердзіў наданне Магдэбургскага права Сабакінцам.
1758 год – па фундацыі Юзафа Вала пабудаваны мураваны касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішчална.
1761 год – Ігнацы Сцыпіён атрымаў ад караля Аўгуста ІІІ прывілей на Магдэбургскае права для Шчучына.
1769 год – манахі-дамінікане распачалі будову мураванага касцёла ў Васілішках.
1769 год – у Вялікім Мажэйкава на сродкі Разаліі Хадкевіч была пабудавана мураваная ўніяцкая капліца, перабудаваная пад каталіцкую ў пачатку ХХ стагоддзя па праекце Тадэвуша Раствароўскага.
1773 год – пры кляштары піяраў у Шчучыне адкрылася аптэка.
1773 год – у сувязі з забаронай дзейнасці ордэна езуітаў спыніла дзейнасць рэзідэнцыя езуітаў у Дэмбрава.
1777 год – школа пры кляштары піяраў у Шчучыне была пераўтворана ў трохкласную гімназію.
1777 год – да Шчучынскай парафіі быў далучаны ў якасці філіялу касцёл у Ятвеску.
1777 год – грунтоўнаае абнаўленне драўлянага касцёла ў Лядску.
1783 год – пабудавана новая грэка-каталіцкая (уніяцкая) Пакроўская царква ў Орлі.
1784 год – кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі па дарозе на сейм у Гродна спыняўся на начлег у Шчучыне.
1785 год – пры кляштары піяраў у Шчучыне Станіславам Баніфацыем Юндзілам быў закладзены батанічны сад.
1787 год – закладзены парк у маёнтку Вялікае Мажэйкава.
1789 год – замест разабранага старога касцёла у Старых Васілішках быў пабудаваны новы драўляны храм.
1790 год – 30 лістапада адбылася кансэкрацыя (пасвячэнне) мураванага касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Васілішках.
1792 год – кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў наданне Магдэбургскага права і Астрыне і Васілішкам.
1794 год – 24 красавіка Найвышэйшая Літоўская Рада выдала Маніфест (Універсал) аб далучэнні да паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.
1794 год – у маі казакі рускага генерала Цыцыянава разрабавалі Ражанку і Шчучын.
1795 год – у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Шчучыншчына ў складзе Лідскага павета была далучана да Расійскай Імперыі.
1796 год – у выніку аб’яднання Віленскай і Слонімскай губерняў Шчучыншчына апынулася ў складзе Літоўскай губерні Расійскай Імперыі.
1798 год – Ішчална пераходзіць ва ўласнасць Караля Лясковіча.
1801 год – у выніку чарговай адміністрацыйнай рэформы тэрыторыя сучаснага Шчучынскага раёна была ў складзе Лідскага павета ўключана ў Літоўска-Гродзенскую губерню.
1803 год – Шчучынская школа піяраў атрымала статус 6-класнай павятовай з гімназічным курсам навук.
1803 год – паштовая станцыя ў Шчучыне пачала прымаць і выдаваць карэспандэнцыю.
1807 год – шляхам дынастычнага шлюбу ўладальнікам Шчучына стаў князь Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі.
1809 год – пажарам была знішчана сядзіба Сцыпіёнаў у Шчучыне.
1811 год – расійскі імператар Аляксандр І наведаў Шчучыншчыну, дзе сустракаўся з князем Францішкам Ксаверыем Друцкім-Любецкім.
1812 год – падчас напалеонаўскага нашэсця Шчучын быў разрабаваны салдатамі Вестфальскага корпуса.
1816 год – пабудавана драўляная царква ў Берштах.
1817 год – пачала дзейнічаць паштовая станцыя ў Ішчална.
1818 год – Астрына была аддадзена ў доўгатэрміновую арэнду французскаму графу Арману Эмануэлю Шарлю Сен-Пры.
1821 год – расійскі імператар Аляксандр І наведаў сядзібу ў Вялікім Мажэйкава.
1822 год – Ішчална ізноў стала ўласнасцю прадстаўнікой рода Скарбак-Важынскіх.
1824 год – пабудавана драўляная каталіцкая капліца пры канвенце сясцёр-шарытак у Шчучыне.
1826 год – пачалося будаўніцтва мураванага касцёла ў Шчучыне.
1827 год – Ануфры Петрашкевіч стварыў у Шчучыне філіял таемнага таварыства філаматаў.
1827 год – Генрык Марконі па фундацыі Людвіка Міхала Паца грунтоўна перабудаваў касцёл у Ражанцы.
1827 год – царскімі ўладамі быў скасаваны базыльянскі манастыр у вёсцы Глушні.
1828 год – пачалося будаўніцтва мураванага касцёла ў Жалудку па праекце архітэктара Караля Падчашынскага.
1829 год – кансэкрацыя (пасвячэнне) мураванага касцёла Святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне.
1830 год – адкрылася двухкласная прыходская вучэльня ў Шчучыне.
1830 год – пабудавана новая драўляная царква ў Дэмбрава.
1832 год – касацыя (закрыццё) каталіцкіх кляштараў: піяраў – у Шчучыне, кармелітаў – у Жалудку, дамініканаў – у Васілішках, францішканаў – у Шайбакполі.
1832 год – маёнтак Ражанка быў канфіскаваны на карысць царскага скарбу за актыўны ўдзел яго уласніка Людвіка Міхала Паца ў вызвольным паўстанні.
1833 год – адбыўся вялікі пажар у Астрыне.
1833 год – Караль Рафал Грабоўскі купіў маёнтак Вялікае Мажэйкава.
1834 год – будынак касцёла ў Дэмбрава быў перададзены ўладамі на патрэбы мясцовых уніятаў.
1835 год – дачка апошняга ўладальніка Жалудка з роду Тызенгаўзаў – Германцыя Эмілія – выходзіць замуж за графа Севярына Урускага і прыносіць яму ў пасагу Жалудок і прылеглыя ўладанні.
1839 год – пасля ліквідацыі царкоўнай уніі царскія ўлады зачыніклі царкву ў Мураванцы.
1839 год – у былым кармеліцкім кляштары ў Жалудку быў абсталяваны вайсковы шпіталь.
1841 год – пабудавана драўляная царква ў вёсцы Шчанец.
1843 год – царскія ўлады адабралі шчучынскі шпіталь у сясцёр-шарытак і ператварылі яго ў дзяржаўны.
1843 год – царскія ўлады забаранілі дзейнасць школы сясцёр-шарытак у Шчучыне.
1847 год – заснавана народная вучэльня ў Васілішках.
1853 год – кансэкрацыя (пасвячэнне) мураванага касцёла Унебаўзяцця Марыі Панны ў Жалудку.
1857(1858) год – заснавана трохкласная народная вучэльня ў Астрыне.
1858 год – пры касцёле ў Жалудку было ўтворана «Брацтва цвярозасці».
1861 год – у касцёле ў Ішчална было заснавана духоўнае брацтва імя Святой Тройцы.
1861 год – адкрылася народная вучэльня ў Орлі.
1863 год – падчас вызвольнага паўстання на Шчучыншчыне актыўна дзейнічаў атрад пад кіраўніцтвам Людвіка Нарбута.
1864 год – пачала дзейнічаць царкоўна-прыходская школа пры храме ў Мураванцы.
1864 год – адкрыліся народныя вучэльні ў Дэмбрава, Ракавічах і Сабакінцах.
1865 год – пасвячэнне новай мураванай царквы ў Астрыне.
1865 год – пасвячэнне новай мураванай царквы ў Шчучыне, пабудаванай на месцы разбуранай каталіцкай капліцы.
1865 год – адкрылася народная вучэльня ў Ражанцы.
1865 год – касацыя (закрыццё) канвенту сясцёр міласэрнасці ў Шчучыне.
1866 год – пабудавана мураваная праваслаўная царква ў Орлі.
1867 год – са Шчучына з'ехала апошняя сястра міласэрнасці – Юзэфа Качаноўская.
1867 год – будынак каталіцкага касцёла ў Дэмбрава царскія ўлады аддалі на патрэбы праваслаўнай царквы.
1868 год – у Мураванкаўскую царкву быў урачыста перанесены цудадзейны абраз Маці Божай з зачыненай Воўчынскай царквы.
1868 год – ешыву ў Васілішках узначаліў Ісраэль Меер Пупко (Хафец-Хаім) – духоўны лідар яўрэяў Польшчы і Літвы, заснавальнік знакамітай Радуньскай ешывы.
1869 год – будынак каталіцкага касцёла ў Васілішках царскія ўлады перарабілі ў праваслаўную царкву.
1869 год – пасвячэнне новай мураванай царквы ў Сабакінцах.
1871 год – пасвячэнне драўлянай праваслаўнай царквы, перанесенай з Астрыны ў Бакшты.
1872 год – шляхам дынастычнага шлюбу Жалудок перайшоў ва ўласнасць князёў Святаполк-Чацвярцінскіх.
1872 год – у Шчучыне былі пабудаваны казармы і стайні для 113-га конна-артылерыйскага палка (зараз – тэрыторыя завода «Аўтапровад» і мураваны будынак на рагу вуліц Савецкай і Маладзёжнай).
1872 год – завершана грунтоўная рэканстукцыя царквы ў Мураванцы.
1874 год – адкрылася народная вучэльня ў Жалудку.
1875 год – у Шчучыне распачала дзейнасць рада мясцовага кагалу (яўрэйскай абшчыны).
1875 год – пабудавана мураваная праваслаўная царква ў Рымках (Турэйску).
1876 год – пасвячэнне драўлянай царквы на могілках у Шчучыне (пабудавана з перанесенай былой капліцы сясцёр-шарытак).
1877 год – пасвячэнне новай мураванай праваслаўнай царквы ў Ракавічах.
1878 год – пачала дзейнічаць паштовая станцыя ў Васілішках.
1879 год – 23 верасня пасвечана мураваная праваслаўная царква ў Нарашах.
1882 год – пачала дзейнічаць паштовая станцыя ў Жалудку.
1884 год – пачалі дзейнічаць «школы граматы» ў Абрубе, Балічах, Замасцянах, Савічах і Трахімчыках.
1886 год – вялікі пажар у Астрыне знішчыў каля 200 дамоў.
1888 год – заснаваны дрэваапрацоўчы завод князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне.
1890 год – пабудавана мураваная праваслаўная царква ў Ятвеску.
1891 год – пасля смерці графіні Германцыі Тызенгаўз Жалудок перайшоў ва ўласнасць князёў Святаполк-Чацвярцінскіх.
1891 год – у Жалудку пабудавана мураваная сінагога.
1894 год – адкрылася народная вучэльня ў Каменцы.
1896 год – успыхнуў вялікі пажар у Шчучыне.
1896 год – адкрылася тэлеграфная станцыя ў Шчучыне.
1898 год – створана пажарнае таварыства ў Жалудку.
1898 год – пабудавана драўляная царква ў вёсцы Шчанец.
1898 год – у выніку чарнговага вялікага пажара ў Астрыне згарэлі дзве драўляныя сінагогі.
1899 год – пачалі дзейнічаць пажарныя таварыствы ў Шчучыне і Васілішках.
1899 год – вёсцы Сабакінцы змянілі назву на сяло Пакроўскае.
1900 год – заснавана ешыва ў Шчучыне (дзейнічала да 1915 года).
1900 год – пабудавана мураваная сінагога ў Новым Двары.
1900 год – паўторна была пасвечана Ракавіцкая царква (перабудоўвалася з-за хібаў у першапачатковай будове).
1901 год – пачаў дзейнічаць ветэрынарны фельчарскі пункт у Шчучыне.
1901 год – пачала дзейнічаць паштовая станцыя ў Астрыне.
1902 год – тэлефонная лінія злучыла маёнткі князёў Святаполк-Чацвярцінскіх Жалудок і Ліпічна.
1902 год – пажарам было знішчана шмат дамоў на вуліце Віленскай у Васілішках.
1903 год – адбылося пасвячэнне новай драўлянай царквы ў вёсцы Шчанец.
1904 год – у Шчучыне пачала дзейнічаць 2-класная настаўніцкая школа (семінарыя).
1904 год – у Шчучыне пачала дзейнічаць валасная пазыкова-зберагальная каса.
1905 год – 29 мая адбылася кансэкрацыя (пасвячэнне) Віленскім біскупам Эдвардам Ропам мураванага касцёла ў Старых Васілішках.
1906 год – пасвячэнне мураванага касцёла ў Лядску.
1906 год – у верасні ў Жалудку адбыўся рэвалюцыйны мітынг, у якім бралі ўдзел 100 чалавек.
1906 год – у Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукаваны першы буквар на беларускай мове «Беларускі лемэнтар або Першая навука чытаньня», у распрацоўцы якога актыўны ўдзел бралі Вацлаў Іваноўскі і Алаіза Пашкевіч.
1907 год – адкрылася паштовая станцыя ў Прэабражэнскім (ранейшыя Сабакінцы).
1907 год – пачалі дзейнічаць чыгуначныя станцыі ў Ражанцы і Скрыбаўцах.
1908 год – пабудаваны мураваны касцёл у Каменцы.
1908 год – пабудаваны палац князёў Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку.
1908 год – у Жалудку і Шчучыне заснаваны таварыствы ўзаемнага крэдыту.
1908 год – абавязкі рабіна Шчучына пачаў выконваць Егуда Лейб Хасман.
1909 год – Яўстах Каэтан Сапега пабудаваў драўляны сядзібны дом у Спушы.
1909 год – у Васілішках пачала дзейнічаць яўрэйская мужчынская школа.
1909 год – ешыва ў Шчучыне набыла статус філіяла знакамітай ешывы «Слабодка».
1910 год – паштовая станцыя ў Астрыне была пераўтворана ў паштовае аддзяленне.
1913 год – ў Жалудку пачала дзейнічаць яўрэйская пазыкова-ашчадная каса.
1913 год – на сродкі Яўстаха Каэтана Сапегі ў Дэмбрава быў пабудаваны драўляны касцёл.
1913 год – у жніўні згарэла фанерная фабрыка Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне.
1914 год – заснавана «Щучинское по Государеву налогу с недвижимого имущества присутствие».
1914 год – буйны пажар знішчыў большую частку мястэчка Васілішкі.
1915 год – у Шчучыне адчынены «народны дом» – чайная і чытальня.
1915 год – казакі пры адступленні спалілі палац Хадкевічаў і афіцыну ў Вялікім Мажэйкаве.
1915 год – нямецкія войскі акупавалі Шчучыншчыну, утварыўшы на яе тэрыторыі два адміністрацыйныя раёны (крайсы) – Васілішкі і Плянты (Шчучын) у складзе акругі Обэр-Ост.
1915 год – у лістападзе Алена Іваноўская спрабуе адкрыць першую на Шчучыншчыне легальную беларускую пачатковую школу ў Васілішках.
1916 год – па ініцыятыве і пад кантролем нямецкіх акупацыйных уладаў была пабудавана вузкакалейная чыгуначная дарога (конка) ад станцыі Ражанка да Шчучына, а на галоўнай плошчы мястэчка з'явілася вежа з гадзіннікам.
1916 год – у Астрыне распачалося будаўніцтва вялікай і малой мураваных сінагог.
1916 год – у Шчучыне ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных французскіх афіэцэраў цягам чатырох месяцаў утрымліваўся будучы прэзідэнт Пятай Французскай рэспублікі Шарль дэ Голь.
1917 год – у лістападзе пачала дзейнічаць пабудаваная нямецкімі акупацыйнымі ўладамі вузкакалейная чыгунка ад Васілішак да станцыі Скрыбаўцы.
1918 год – 16 лютага з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў было абвешчана аб стварэнні Каралеўства Літва, у межы якога была намінальна ўключана тэрыторыя Шчучыншчыны.
1918 год – 25 сакавіка згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рады БНР Шчучыншчына была абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі.
1918 год – каля Новага Двара адбылося першае на Шчучыншчыне дарожна-транспартнае здарэнне са смяротным зыходам: пад коламі аўтамабіля загінуў міліцыянт Якабсон.
1918 год – 28 снежня нямецкая акупацыйная адміністрацыя пакінула Шчучын.
1919 год – 1 студзеня ў Смаленску была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі, у склад якой была ўключана тэрыторыя Шчучыншчыны.
1919 год – 13 лютага ў Шчучын увайшоў Сядлецкі полк Чырвонай Арміі.
1919 год – 14 лютага паміж Мастамі і Шчучынам адбыўся першы бой польска-савецкай вайны.
1919 год – 27 лютага Шчучыншчына была ўключана ў склад абвешчанай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Літвы і Беларусі.
1919 год – 4 сакавіка ў Шчучын увайшоў Сувальскі полк Войска Польскага.
1919 год – 8 сакавіка каля Вялікага Мажэйкава на рацэ Лебяда адбыўся 7-гадзінны бой паміж польскімі вайсковымі падраздзяленнямі і бальшавікамі, апошнія вымушаны былі адступіць да Ліды.
1919 год – 7 чэрвеня тэрыторыя Шчучыншчыны ўвайшла ў склад Віленскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў – часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі.
1919 год – у канцы ліпеня ў выніку контрнаступлення Чырвонай Арміі Шчучыншчына перайшла пад кантроль бальшавіцкіх войскаў, пачалося фарміраванне мясцовых органаў савецкай улады (рэўкомаў).
1920 год – у канцы верасня пасля Нёманскай бітвы тэрыторыя Шчучыншчыны ізноў апынулася пад кантролем польскіх войскаў.
1921 год – 4 лютага было ўтворана Навагрудскае ваяводства Польскай Рэспублікі (Другой Рэчы Паспалітай), у склад якога ўключылі тэрыторыю Шчучыншчыны.
1921 год – 18 сакавіка ў Рызе быў заключаны мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, згодна з якім Шчучыншчына канчаткова адышла да Польскай дзяржавы.
1921 год – у верасні быў праведзены першы ўсеагульны перапіс насельніцтва Другой Рэчы Паспалітай. Згодна з яго дадзенымі на тэрыторыі Шчучынскага павета пражывала 81 238 чалавек.
1922 год – у Шчучыне пачала дзейнічаць настаўніцкая семінарыя.
1923 год – у Сабакінцах (зараз – Першамайск) узнікла каталіцкая парафія і пачаў дзейнічаць касцёл у прыстасаваным будынку склада.
1924 год – у Ішчална ў будынках былой пошты па ініцыятыве Марыі Лясковіч была заснавана прыватная прафесійная школа для дзяўчат з інтэрнатам.
1924 год – у Ражанцы былі заснаваны яўрэйскае дабрачыннае таварыства, ашчадны банк, а таксама драматычны тэатральны гурток.
1925 год – у Ражанцы створана добраахвотная пажарная стража.
1925 год – у Астрыне з'явіўся першы прыватны радыёпрыёмнік (быў куплены і прывезены мясцовым лекарам).
1926 год – у Скрыбаўцах створана добраахвотная пажарная стража.
1927 год – айцы-піяры вярнуліся ў Шчучын, дзе пачалі адраджэнне Шчучынскага піярскага калегіума.
1927 год – адбыўся вялікі пажар у Ражанцы, згарэла шмат дамоў і два бейт мідрашы.
1928 год – 19 мая адбылася кансэкрацыя (пасвячэнне) Віленскім арцыбіскупам касцёла ў Жалудку.
1928 год – Мураванкаўскую царкву пераасвяцілі у каталіцкі касцёл.
1928 год – летам на фанернай фабрыцы Канапацкіх у Шчучыне адбыўся страйк з удзелам 150 рабочых.
1929 год – у складзе Навагрудскага ваяводства Польшчы быў утвораны асобны Шчучынскі павет.
1930 год – у Шчучыне адбыўся першы павятовы з'езд настаўнікаў агульнаадукацыйных школ.
1930 год – у Ражанцы пабудавалі новы бейт-мідраш (яўрэйскі малітоўны дом).
1930 год – у Шчучыне ўзведзены новы будынак павятовай бальніцы.
1930 год – у Астрыне быў кансэкраваны (пасвечаны) перанесены з Дэмбрава драўляны касцёл.
1931 год – драўляны касцёл у Астрыне быў знішчаны пажарам.
1931 год – праведзены другі ўсеагульны перапіс насельніцтва Другой Рэчы Паспалітай, згодна з якім на тэрыторыі Шчучынскага павета пражывала 107 203 чалавекі.
1932 год – настаўніцкая семінарыя ў Шчучыне пераўтворана ў гімназію.
1933 год – у Астрыне быў адноўлены знішчаны пажарам драўляны касцёл.
1934 год – пабудавана аўтамабільная дарога Шчучын-Астрына.
1934 год – у Астрыне пабудаваны шпіталь на 15 ложкаў.
1934 год – прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі наведаў Ішчална, дзе ўзнагародзіў ордэнам Адраджэння Польшчы Марыю Лясковіч.
1935 год – пачалі дзейнічаць рэгулярныя аўтобусныя маршруты Ліда-Шчучын, Ліда-Васілішкі, Ліда-Сабакінцы.
1936 год – у верасні ў Шчучыне адбылася першая павятовая сельскагаспадарчая выстава.
1937 год – на магіле Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у Старым Двары пастаўлены помнік.
1937 год – пабудаваны новыя школы ў Берштах і Жалудку.
1937 год – з 1 ліпеня пачаў дзейнічаць штодзённы аўтобусны маршрут Ліда-Шчучын.
1937 год – 11 лістапада Навагрудскі ваявода ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды – Залатыя Крыжы Заслугі – старасце Шчучынскага павета Вацлаву Кавальскаму і пробашчу парафіі ў Старых Васілішках Вацлаву Родзьку.
1938 год – у Шчучыне пачаў дзейнічаць педагагічны ліцэй.
1938 год – 17 кастрычніка адбылося ўрачыстае пасвячэнне пабудаванага мураванага касцёла ў Сабакінцах (зараз – Першамайск).
1939 год – 16 ліпеня ў Шчучыне адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Войску Польскаму двух самалётаў і 10 радыёперадатчыкаў, купленых на добраахвотныя ахвяраванні жыхароў Шчучынскага павета.
1939 год – 1 верасня пачалася Другая ўсясветная вайна. Гітлераўскія самалёты скінулі бомбы на фанерны завод у Шчучыне і чыгуначную станцыю Ражанка.
1939 год – 19 верасня савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Шчучыншчыны.
1939 год – 22 кастрычніка ўбачыў свет першы нумар Шчучынскай раённай газеты «Знамя труда» («Сцяг працы»).
1939 год – 14 лістапада Вярхоўны Савет БССР ухваліў Закон «Аб прыняцьці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР», згодна з якім тэрыторыя Шчучыншчыны стала часткай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
1939 год – на ўскрайку Шчучына пачалося будаўніцтва вайсковага аэрадрома.
1940 год – 15 студзеня ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР на тэрыторыі былога Шчучынскага павета былі ўтвораны Васілішкаўскі, Жалудоцкі і Шчучынскі раёны.
1940 год – 10 лютага са станцыі Ражанка ў Казахстан адыйшоў першы транспарт з арыштаванымі бальшавіцкімі ўладамі 1090 прадстаўнікамі шчучынскай інтэлігенцыі, былой польскай адміністрацыі, асаднікамі.
1940 год – у вёсцы Бярозаўцы быў ствраны першы на тэрыторыі Васілішкаўскага раёна калгас «За Савецкую Беларусь».
1941 год – у красавіку на Шчучынскім аэрадроме быў сфарміраваны 190-ы штурмавы авіяцыйны полк.
1941 год – у пачатку мая каля Жалудка распачалося будаўніцтва аэрадрома 16-га хуткаснага бамбардыровачнага авіяцыйнага палка.
1941 год – 22 чэрвеня пачалася агрэсія нацыскай Германіі супраць СССР. Гітлераўскія бамбоўцы атакавалі Шчучын і чыгуначную станцыю Ражанка. Каля Каменкі Пётр Кузьмін здзейсніў паветраны таран, у выніку якога быў збіты самалёт нямецкага аса Вольфганга Шэльмана.
1941 год – 25 чэрвеня тэрыторыя Шчучыншчыны была акупавана гітлераўскімі войскамі.
1941 год – 5 ліпеня гітлераўцы расстралялі каля палаца Друцкіх-Любецкіх 300 савецкіх ваеннапалонных.
1941 год – гітлераўскія акупанты стварылі на тэрыторыі Шчучыншчыны некалькі гета (ў Астрыне, Васілішках, Жалудку, Каменцы і Шчучыне), куды было пераселена яўрэйскае насельніцтва.
1941 год – у лістападзе на тэрыторыі былога Шчучынскага павета створана акруга пад кодавай назвай «Луг» («Łąka») канспіратыўнай польскай арганізацыі «Саюз узброенай барацьбы» (пазней – Армія Краёва).
1942 год – 5 мая ў наднёманскіх лясах быў створаны першы на Шчучыншчыне савецкі партызанскі атрад «Арлянскі».
1942 год – 9 мая адбыліся масавыя растрэлы вязняў гета ў Жалудку і гета ў Шчучыне, 10-11 мая былі знішчаны вязні гета ў Васілішках.
1942 год – 2 лістапада большасць вязняў гета ў Каменцы этапавалі ў лагер Калбасіна пад Гродна.
1942 год – 22 снежня гітлераўскія карнікі расстралялі 27 закладнікаў – цывільных жыхароў вёскі Якубавічы.
1943 год – у лютым гітлераўцы канчаткова ліквідавалі гета ў Астрыне, а ў сакавіку – гета ў Каменцы, адправіўшы вязняў у лагер смерці Асвенцім.
1943 год – 26 лютага гітлераўскія карнікі знішчылі вёскў Агародзішча разам з жыхарамі.
1943 год – 18 красавіка быў створаны Шчучынскі міжпартыйны цэнтр, які каардынаваў дзеянні савецкіх партызанаў.
1943 год – 13 чэрвеня ў Васілішках польскімі партызанамі былі застрэлены беларускія нацыянальныя дзеячы Юльян Саковіч і Леанід Маракоў.
1943 год – 18 ліпеня гітлераўскія карнікі ў адказ на забойства на шашы Астрына-Азёры 17 нямецкіх салдат групай савецкіх дыверсантаў расстралялі 67 жыхароў Шкленску, а саму вёску спалілі.
1943 год – 17 верасня гітлераўскія акупанты канчаткова ліквідавалі гета ў Шчучыне.
1944 год – 22 студзеня гітлераўскія карнікі спалілі вёску Зінякі разам з жыхарамі.
1944 год – 29 красавіка польскія партызаны здзейснілі няўдалую спробу ўзяць пад свой кантроль Шчучын, у выніку якой загінула каля 30 байцоў Арміі Краёвай.
1944 год – 10-12 ліпеня савецкія войскі вызвалілі Шчучыншчыну ад гітлераўскіх акупантаў.
1944 год – 20 верасня Васілішкаўскі, Жалудоцкі і Шчучынскі раёны былі ўключаны ў склад Гродзенскай вобласці БССР.
1944 год – у Шчучыне пачаў дзейнічаць заатэхнічны тэхнікум.
1945 год – вясной, пасля расфарміравання Арміі Краёвай, адбылося злучэнне польскіх падпольных структур Лідскага і Шчучынскага раёнаў, у выніку была створана «Акруга 46/67» – самая баяздольная і шматлічная на тэрыторыі БССР.
1945 год – пачалася першая хваля масавай рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з Васілішкаўскага, Жалудоцкага і Шчучынскага раёнаў у Польшчу, якая доўжылася да чэрвеня 1946 года.
1945 год – з чэрвеня на Шчучынскім аэрадроме пачаў базіравацца 10-ы асобны разведвальны авіяцыйны полк
1945 год – са жніўня Шчучынскі аэрадром стаў месцам базіравання для 790-га знішчальнага авіяцыйнага полка.
1946 год – утвораны Шчучынскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
1946 год – у Шчучыне пачалў дзейнічаць Дом піянераў.
1946 год – у вёсцы Кірпічоўшчына пачаў дзейнічаць першы піянерскі лагер на Шчучыншчыне.
1947 год – у Жалудку ўсталяваны помнік Леніну.
1947 год – у Астрыне зачынілі касцёл.
1948 год – адбыўся вялікі пажар у Сабакінцах, у выніку якога быў знішчаны агнём архіў мясцовай царквы.
1949 год – пачатак суцэльнай калектывізацыі на Шчучыншчыне.
1950 год – на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў у Шчучыне ўсталяваны помнік – скульптура салдата.
1953 год – завяршыўся працэс першаснага ўзбуйнення калгасаў на Шчучыншчыне.
1954 год – у жніўні цэнтр Васілішкаўскага раёна быў перанесены з Васілішак у Астрыну.
1954 год – у Астрыне ўсталяваны помнік Леніну, а таксама помнік Алаізе Пашкевіч аўтарства скульптара А.Заспіцкага.
1954 год – Шчучынскі аэрадром стаў месцам базіравання 157-ай бамбардыровачнай авіяцыйнай дывізіі.
1954 год – будынак Шчучынскага касцёла быў адабраны ў вернікаў і перададзены на патрэбы войска.
1955 год – у жніўні Вярхоўны Савет СССР прыняў пастанову «Аб перадачы Польшчы ўсіх польскіх грамадзян», пасля чаго пачалася другая хваля рэпатрыяцыі з Васілішкаўскага, Жалудоцкага і Шчучынскага раёнаў, якая была завершана ў 1959 годзе.
1956 год – у Шчучыне пачала дзейнічаць сярэдняя школа №2.
1956 год – у Шчучыне пачаў дзейнічаць новы рэстаран.
1957 год – на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў у Жалудку ўсталяваны помнік – скульптура салдата.
1957 год – Астрынскай сярэдняй школе прысвоена імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
1957 год – у Шчучыне пачала дзейнічаць музычная школа.
1958 год – у верасні ў Шчучыне пачаў дзейнасць завод «Аўтапровад».
1958 год – у кастрычніку была ўтворана Шчучынская МПМК-166.
1959 год – Шчучынскі заатэхнікум пераведзены ў Сапоцкіна, а з Беняконяў у Шчучын пераехала Гродзенская абластная доследная станцыя па раслінаводстве.
1959 год – у Жалудку ўзведзены новы трохпавярховы мураваны будынак школы.
1960 год – 20 студзеня скасаваны Васілішкаўскі раён.
1960 год – на Шчучынскім аэрадроме пачаў базіравацца 979-ы знішчальны авіяцыйны полк.
1960 год – на плошчы Свабоды ў Шчучыне ўсталяваны помнік Леніну.
1960 год – рашэннем выканкама Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў будынкі зачыненых прыпісных цэркваў у Астрыне, Шчанцы і Якубавічах былі перададзены Шчучынскаму райвыканкаму для выкарыстання ў гаспадарчых мэтах.
1961 год – у сакавіку распачаў працу новы хлебазавод у Шчучыне.
1961 год – у маі ў Ражанцы было ўтворана Шчучынскае раённае аддзяленне па продажы сельскагаспадарчай тэхнікі, запасных частак і мінеральных угнаенняў («Сельгастэхніка»).
1961 год – у чэрвені ўтворана дзіцяча-юнацкая спартыўная школа горада Шчучына.
1961 год – у снежні камуністычнымі ўладамі быў адабраны ў вернікаў і зачынены праваслаўны храм у Бершах.
1962 год – 17 красавіка быў скасаваны Жалудоцкі раён.
1962 год – 31 жніўня Шчучын атрымаў статус горада раённага падпарадкавання.
1962 год – у Жалудку ў будынку былога райкама КПБ пачала дзейнічаць пераведзеная з Гродна медыцынская вучэльня.
1962 год – Шчучынская раённая газета «Чырвоны сцяг» змяніла назву на «Савецкая вёска».
1963 год – у маі пачало вяшчанне Шчучынскае раённае рыдыё.
1963 год – у чэрвені было ўтворана ДРБУ № 161.
1964 год – у Шчучыне ў красавіку ўтворана занальная аграхімічная лабараторыя (зараз – УКПВП «Гроднааблаграхімізацыя»)
1964 год – у Астрыну з Гродна была пераведзена прафесійна-тэхнічная вучэльня кінамеханікаў.
1964 год – у Астрыне па рашэнні мясцовых уладаў разбурылі вежы касцела і знялі крыжы, сам будынак быў аддадзены вучэльні кінамеханікаў пад спартовую залу.
1965 год – 6 студзеня ў скалад Шчучынскага раёна быў уключаны Берштаўскі сельсавет, тэрыторыя раёна набыла свае сучасныя межы.
1965 год – пачаў дзейнічаць Шчучынскі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва.
1965 год – у кастрычніку была ўтворана Шчучынская птушкафабрыка.
1966 год – у студзені была ўтворана Шчучынская перасоўная механізаваная калона № 26 (МПМК-167).
1966 год – у Тэль-Авіве ўбачыла свет выданне «Кніга памяці: Шчучын, Васілішкі, Астрына, Новы Двор», прысвечаная гісторыі жыцця і знішчэння яўрэйскага насельніцтва ранейшых мястэчак.
1967 год – у студзені, ратуючы жывёлу з палаючага калгаснага кароўніка, загінуў Станіслаў Клімак.
1967 год – утворана Шчучынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм (размешчана ў Астрыне).
1967 год – касцёл у Астрыне быў канчаткова разбураны мясцовымі ўладамі.
1967 год – у Тэль-Авіве ўбачыла свет выданне «Кніга памяці: Жалудок і Орля», прысвечаная гісторыі жыцця і знішчэння яўрэйскага насельніцтва ранейшых мястэчак.
1968 год – у цэнтры Шчучына ўзведзены новы будынак вузла сувязі.
1969 год – 1 чэрвеня каля вёскі Ашуркі пачаў дзейнічаць дзіцячы аздараўленчы лагер «Касмадром».
1969 год – у снежні пасля грунтоўнай мадэрнізацыі распачаў працу Шчучынскі масласырзавод.
1970 год – у Шчучыне ўведзены ў эксплуатацыю новы асноўны лячэбны корпус раённай бальніцы і паліклінікі.
1970 год – адкрыўся музей у Навадворскай школе.
1971 год – у гонар 100-годдзя Парыжскай Камуны Жалудоцкай сярэдняй школе было прысвоена імя Валерыя Ўрублеўскага, а на будынку школы ўсталяваны барэльеф.
1971 год – каля калгаснай канторы ў вёсцы Янчукі ўсталявалі помнік Станіславу Клімаку.
1972 год – распачала дзейнасць Жалудоцкая дзіцячая музычная школа.
1972 год – каля гарнізоннага дома афіцэраў у Шчучыне (былы палац князёўДруцкіх-Любецкіх) усталяваны самалёт-помнік МіГ-19.
1973 год – у Шчучыне адчынены Дом быту.
1974 год – узведзены мураваны будынак Першамайскай сярэдняй школы.
1974 год – у Зачэпічах быў пабудаваны макет партызанскай зямлянкі.
1975 год – у Шчучыне адкрыўся новы кінатэатр «Беларусь».
1976 год – узведзены новы будынак Каменскай сярэдняй школы.
1977 год – у красавіку было ўтворана прадпрыемства «Шчучынскае пчалярства».
1977 год – у Зачэпічах быў створаны мемарыяльны комплекс «Партызанская зямлянка».
1977 год – каля Руткевічаў быў пабудаваны сакрэтны вайсковы аб'ект – ахаваны камандны пункт 95-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі.
1977 год – у Астрыне былі пабудаваны новы двухпавярховы ўнівермаг і аўтастанцыя.
1978 год – распачала дзейнасць Шчучынская прафесійна-тэхнічная вучэльня.
1978 год – на плошчы Свабоды ў Шчучыне ўзведзены будынак Дома Саветаў.
1979 год – у чэрвені была ўтворана Шчучынская сельгасхімія (зараз – ААТ «Шчучынаграхімсэрвіс»).
1979 год – 1 верасня ў Астрыне на базе зачыненага ПТВ кінамеханікаў пачаў дзейнічаць міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат.
1980 год – 14 ліпеня Орлеўская сярэдняй школе было прысвоена імя Сцяпана Шупені.
1980 год – у Астрыне быў узведзены новы будынак дзіцячага садку.
1982 год – у чэрвені ў Першамайскай сярэдняй школе адкрыўся музей.
1982 год – у снежні ў Астрынскай сярэдняй школе адкрыўся музей Алаізы Пашкевіч.
1982 год – у снежні ў Астрыне пачала дзейнічаць теле-радыё-рэтранслятарная станцыя.
1983 год – 15 ліпеня асабовы склад дрогой эскадрыллі 10 АРАП са Шчучынскага аэрадрома быў накіраваны для выкананне баявых задач у Афганістан.
1984 год – 7 ліпеня ў Зачэпічах на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса «Партызанская зямлянка» быў адкрыты музей народнай славы.
1985 год – адкрыліся гісторыка-краязнаўчыя музеі ў сярэдняй школе №1 горада Шчучына, Галавічпольскай і Васілішкаўскай школах, а ў Шчучынскай прафесійна-тэхнічнай вучэльні – музей баявой славы.
1986 год – у маі ў Орлеўскай школе імя Сцяпана Шупені быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей.
1987 год – пабудаваны новы корпус Астрынскай сярэдняй школы.
1988 год – 9 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплекса на месцы спаленай гітлераўцамі вёскі Зінякі.
1988 год – у Астрыне адкрыўся Дом піянераў.
1988 год – будынкі касцёлаў у Шчучыне, Старых Васілішках вярнулі каталіцкім вернікам.
1989 год – будынкі цэркваў у Мураванцы і Турэйску (Рымках) вярнулі праваслаўным вернікам.
1989 год – 1 ліпеня быў расфарміраваны 979-ы знішчальны авіяцыйны полк, які базіраваўся на аэрадроме ў Шчучыне.
1989 год – былі ўтвораны ансамбль народнай песні «Медуніцы» і хор польскай песні «Промень».
1989 год – убачыла свет кніга пад агульнай рэдакцыяй І.П.Крэня «Щучин: историко-экономический очерк».
1990 год – пабудавана Ляшчанская сярэдняя школа.
1990 год – будынкі цэркваў у Берштах, Орлі і Шніпках (Ятвеску) вярнулі праваслаўным вернікам.
1990 год – пасля рамонту аднавіліся службы ў вернутым каталікам касцёле ў Ражанцы.
1990 год – у Шчучыне ўтворана база юных турыстаў.
1991 год – 14 жніўня Папа Рымскі Ян Павел ІІ у Чэнстахове каранаваў фігуру Маці Божай Фацімскай са Шчучына.
1992 год – 1 студзеня ўбачыў свет першы нумар газеты «Дзянніца» (змяніла назву з «Савецкай вёскі»).
1993 год – у Шчучыне ўзведзены будынкі сярэдняй школы №3, стадыёна «Алімп» у Шчучыне і новага раённага Дома культуры.
1993 год – у Дэмбрава была пасвечана драўляная праваслаўная царква Святога Іаана Багаслова (перанесена з Завалкоў).
1994 год – у чэрвені адбыўся першы тур выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
1994 год – быў расфарміраваны 10-ы асобны разведвальны авіяцыйны полк, які базіраваўся на аэрадроме ў Шчучыне.
1995 год – Шчучынскі раён і горад Шчучын былі аб'яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку – Шчучынскі раён.
1995 год – тэрыторыя былога «ваеннага гарадка» ў Шчучыне была перададзена ў распараджэння мясцовых уладаў.
1996 год – 12 верасня ў Астрыне быў пасвечаны новы мураваны касцёл.
1997 год – у Шчучыне пачала дзейнічаць прыватная гасцініца «Элен».
1997 год – у сярэдня школе № 2 горада Шчучына быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей.
1998 год – у Шчучыне створаны Цэнтр рамёстваў і народнай мастацкай творчасці.
1998 год – у Жалудку была пасвечана праваслаўная царква Марціна Тураўскага.
1999 год – прайшоў першы ўсеагульны перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь, згодна з дадзенымі якога ў Шчучынскім раёне пражывала 60 700 чалавек.
2001 год – убачылі свет краязнаўчыя кнігі: грунтоўная праца «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Шчучынскага раёна» і манаграфія Сяргея Данскіх «Наш Шчучын».