Іван Міхайлавіч Тарасевіч (1892-1978)
Беларускі каталіцкі святар, манах-бенедыкцінец, доктар багаслоўя і філасофіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, адзін з пачынальнікаў беларускага рэлігійнага і палітычнага руху ў ЗША, пісьменнік, выдавец, публіцыст. .
Нарадзіўся 20.10.1892 года ў вёсцы Клешнякі (цяпер – Шчучынскі раён).
Юнаком у 1911 годзе выехаў у ЗША.
Працаваў на прамысловых прадпрыемствах і фабрыках. Адначасова займаўся самаадукацыяй, уступіў у ордэн айцоў салатынаў у мясцовасці Гардфорт (штат Канектыкут). Вучыўся ў гімназіі і каледжы.
Вышэйшую адукацыю атрымаў на эўрапейскім кантыненце – у Фрайбургу (Германія, 1919-1925), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. Там жа 23.07.1923 года быў пасвячоны ў святары.
У сярэдзіне 1920-х гадоў разам з Я.Чарапуком і Я.Варонкам выступаў з лекцыямі ў школах Чыкага, дапамагаў у стварэнні беларускіх культурна-грамадскіх арганізацый там, дзе жылі вялікія групы беларусаў.
У сярэдзіне 1930-х гадоў з дазволу вышэйшых улад Ватыкана пакінуў ордэн айцоў салатынаў. З 1936 года – у ордэне айцоў бенедыкцінцаў. У 1936-1937 гадах адправіў навіцыят. Пазней працаваў на пасадзе прафесара ў семінарыі і калегіуме.
Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады. Выдаваў руска-англійскі часопіс «Церковный голос» і «Лісток к беларусам».
Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійна-адраджэнскімі выданнямі – «Chryścijanskaja Dumka» (Вільня), «Божым шляхам» (Парыж; Лондан), «Siaŭbit» (Нью-Ёрк). Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў беларускай парафіі Хрыста Спаса ў Чыкага.
У 1967-1968 гадах наведаў Беларусь.
Аўтар кнігі «Беларусы ў святле праўды».
Памёр 11.06.1978 у горадзе Лайл. Пахаваны на мясцовых кляштарных могілках.