Ян Траццяк (1902-1993)
Польскі гаспадарчы і грамадска-палітычны дзеяч.
Нарадзіўся 28.01.1902 у фальварку Зосін на Шаркаўшчыне.
Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1918 годзе ўсупіў у Віленскую самаабарону.
У якасці добраахвотніка прымаў удзел у Варшаўскай бітве. У складзе Першай Літоўска-Беларускай дывізіі генерала Люцыяна Жалігоўскага ўдзельнічаў у баях за Вільню.
Пасля вайны вучыўся ў Познаньскім універсітэце, дзе атрымаў у 1925 годзе дыплом сельскагаспадарчага інжынера.
Пасля завяршэння вучобы да верасня 1939 года арандаваў маёнтак Ваньковічаў Раманаўцы ў Шчучынскім павеце.
Вёў актыўную гаспадарчую і грамадскую дзейнасць: арганізаваў кааператыў вытворцаў малака, у Дзікушках стварыў доследную сыраварню Міністэрства сельскай гаспадаркі; узначальваў Шчучынскую павятовую палітычную арганізацыю Лагер нацыянальнага аб'яднання (OZN). У 1938 годзе быў абраны дэпутатам на Сейм.
Пад час гітлераўскай акупацыі працаваў аграномам у Лідзе, супрацоўнічаў са структурамі польскага падполля. У 1944 годзе ўзначаліў адну з баявых адзінак 77-га пехотнага палка АК.
У 1945 годзе рэпатраваўся ў Польшчу. Працаваў інжынерам у розных сельгаспрадпрыемствах да выхаду на пенсію ў 1969 годзе.
Узнагароджаны Срэбным Крыжам, Крыжам Заслугі войскаў Сярэдняй Літвы, Медалём Незалежнасці.
Памёр у Варшаве 10.03.1993.