Алена Леанардаўна Іваноўская (Скіндар)
(1885-1973)
Збіральніца фальклору, спецыяліст у галіне жывлагадоўлі, Праведніца народаў свету.
Нарадзілася 03.05.1885 у Лябёдцы (зараз – Шчучынскі раён).
Пачатковую адукацыю атрымала ў Варшаве.
У 1905 годзе распачала навучанне ў каледжы Кембрыджскага ўніверсітэта. Была актыўнай удзельніцай гуртка студэнтаў, якія вывучалі фальклор.
У 1914 годзе ў лонданскім часопісе «Folk-Lore» («Фальклор») былі апублікаваны тэксты пятнаццаці беларускіх песень з нотамі, запісаных Аленай Іваноўскай у ваколіцы Лябёдкі. Публікацыя суправаджалася вялікім уступам, дзе брытанскіх чытачоў знаёмілі з Беларуссю і яе праблемамі. Упершыню ў англійскай тэрміналогіі пры гэтым быў выкарыстаны тэрмін «White Ruthenia» замест «Wite Russia».
У 1915 годзе спрабавала арганізаваць у Васілішках пачатковую беларускую школу. Актыўна супрацонічала з беларускамоўным сельскагаспадарчым часопісам «Саха», дзе друкаваліся яе артыкулы на тэмы жывлагадоўлі і садаводства.
Пабралася шлюбам з Казімірам Скіндарам. Займалася гадоўлей коней і паляўнічых сабак. Перад самай вайной пасябравала з пісьменнікам Сяргеем Пясецкім, які гасцяваў у Лябёдцы.
У верасні 1939 года саветы арыштавалі Казіміра Скіндара і выслалі на ўсход. Алена, ратуючыся ад савецкай акупацыі, з дапамогай Сяргея Пясецкага перабралася ў Вільню.
Пасля нападу гітлераўцаў на СССР Алена вяртаецца ў Лябёдку. Разам з першай жонкай свайго брата Вацлава Сабінай яны хавалі ў маёнтку Рагачоўшчына дзвюх яўрэек з Вільні, за што ў 2001 годзе атрымалі званне Праведнікаў народаў свету.
У 1944 годзе Алена пераехала ў Польшчу, жыла ў Варшаве, у Любліне і горадзе Казяніцы.
Памерла 10.05.1973 у Казяніцах.