Зінаіда Аляксееўна Прохар (1924-20??)
Педагог, Заслужаны настаўнік БССР.
Нарадзілася 27.06.1924 у вёсцы Савелінкі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Пачатковую школу скончыла ў сваёй вёсцы, сем класаў у Высоцкай школе, затым два гады працягвала навучанне ў Шклоўскай сярэдняй школе, дзе да вайны скончыла 9 класаў.
У 1944 годзе паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут, па сканчэнне якога працавала ў Радуні, Свілачы, Вілейцы.
У 1958 годзе з мужам-вайскоўцам пераехала ў Шчучын.
Завочна скончыла біялагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута.
Цягам трох дзесяцігоддзяў працавала настаўнікам біялогіі ў сярэдняй школе №1 горада Шчучына. У 1967 годзе па выніках рэспубліканскага конкурсу створаны яе намаганнямі школьны кабінет біялогіі быў прызнаны лепшым у краіне.
29 верасня 1972 года атрымала ганаровае званне Заслуаны настаўнік БССР.
У кастрычніку 1980 года юныя фенолагі - выхаванцы Зінаіды Аляксееўны - прынялі ўдзел у экспазіцыі ў павілёне “Юныя натуралісты і тэхнікі” на ВДНГ у Маскве.
У 1989 годзе выйшла на заслужаны адпачынак. Прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада, доўгі час узначальвала першасную ветэранскую арганізацыю работнікаў адукацыі Шчучына.