Станіслаў Каласанты Роек (1908-1996)
Каталіцкі святар, піяр, пробашч касцёла ў Шчучыне.
Нарадзіўся 15.11.1908 у Грэнбоціне Келецкім каля Торуня. У 17 гадоў уступіў у ордэн піяраў, у 22 гады прынёс вечныя манаскія зарокі. У 1935 годзе пасвечаны на святара.
Навучаўся на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта. 29 ліпеня 1939 года з Кракава быў скіраваны ў Ліду. З пачаткам Другой усясветнай вайны не стаў вяртацца ў Кракаў і застаўся ў Лідзе. Апроч святарскай дзейнасці выкладаў польскую мову і гісторыю ў Лідскай гандлёвай гімназіі.
У жніўні 1944 года пераведзены на пасаду пробашча ў Шчучын, дзе змяніў ксяндза Канстанціна Канеўскага, які з’ехаў у Польшчу. Спрыяў абуджэнню рэлігійнаага жыцця ў горадзе, актыўна заахвочваў моладзь да ўдзелу ў парафіяльнай дзейнасці. Служыў у Шчучыне да сакавіка 1949 года, пасля чаго быў пераведзены назад у Ліду, бо меліся звесткі, што супраць Станіслава Роека ў Шчучыне рыхтавалася правакацыя з боку савецкіх улад.
11 лістапада 1951 года амаль усе каталіцкія святары Ліды былі арыштаваны ўладамі, пасля гэтага Станіслаў Роек быў пераведзены на пасаду пробашча Крыжаўздвіжанскага касцёла. У 1963, 1964 і 1965 гадах на жыццё Станіслава Роека былі здзейснены тры няўдалыя замахі.
У 1970 годзе ўлады забаранілі Станіславу Роеку працягваць служыць у Лідзе і запатрабавалі ад царкоўных уладаў перавесці святара ў пасёлак Жалудок. Святар не пагадзіўся на свой перавод і застаўся ў Лідзе, пасля чатырох месяцаў пастаянных пісьмаў вернікаў з патрабаваннем вярнуць Станіслава Роека, дазвол на святарскую дзейнасць у Лідзе быў вернуты.
Пасля распаду Савецкага Саюза, дамагаўся ад уладаў Ліды вярнуць каталікам касцёл піяраў, які ў 1958 годзе быў пераўтвораны ў планетарый. Аднак гарадскія ўлады ў выніку прынялі рашэнне перадаць касцёл Рускай праваслаўнай царкве. Неўзабаве пасля гэтага 6 кастрычніка 1996 года Станіслаў Роек памёр.
Пахаваны ля сцяны Фарнага касцёла, у якім ён душапастырстваваў палову стагоддзя.