Андрэй Аляксандравіч Місін
Рок-музыкант, кампазітар і аўтар песень, сябра Саюза кампазітараў Расіі.
Нарадзіўся 03.03.1954 у горадзе Ладзейнае Поле (Расія).
Скончыў музычную школу ў Джамбуле (Казахстан).
У 1970 годзе паступіў у Чалябінскі медыцынскі інстытут, дзе граў у студэнцкім ансамблі «Арника». Захапленне музыкай не спрыяла вучобе, і Андрэй быў неўзабаве адлічаны з ВНУ і прызваны ў войска.
У 1972-1974 гадах праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Шчучыне. Менавіта тут ён напісаў сваю першую песню – армейскі марш Маскоўска-Кенігсбергскага палка. Стварыў свой ансамбль, з якім выступаў у мясцовым Доме культуры. У Шчучыне пазнаёміўся і са сваёй будучай жонкай – мясцовай дзяўчынай Аленай.
У 1975-1979 годзе навучаўся ў музычнай вучэльні горада Алма-Ата. У 1979-1984 гадах навучаўся ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі.
У 1989 годзе выдаў першы студыйны сольны альбом «Чужой».
У 1991 годзе выдаў CD-альбом «Андрей Мисин. Азъ есмь».
У 1994 годзе быў выдадзены другі лічбавы альбоім «Андрей Мисин. Свобода».
У 2015 годзе ўбачыў свет музычны альбом «Медленные сказки».
Місін з'яўляецца аўтарам песень шматлікіх расійскіх эстрадных выканаўцаў, піша музыку для тэатра і кіно.