Ганна Вацлаваўна Іваноўская (у шлюбе – Карнецка)
(1914-2017)
Польская гаспадарчая і грамадская дзяячка. Праведніца народаў свету.
Нарадзілася 23.08.1914 у Вільні ў сям'і Вацлава Іваноўскага і Сабіны з Янчыкоўскіх.
Скончыла Віленскую гімназію імя Элізы Ажэшкі.
Атрымала спецыяльнасць інжынера агратэхнікі ў Галоўнай Школе Сельскай Гаспадаркі ў Варшаве.
Пасля нападу гітлераўцаў на СССР па просьбе бацькі Ганна разам са сваёй маці і цёткай Аленай Скіндар пасялілася ў маёнтку Рагачоўшчына на Шчучыншчыне, дзе яны хавалі ад нацыстаў дзвюх яўрэек з Вільні.
Ганну схапілі гестапаўцы і змясцілі ў Лідскую турму. Родным удалося выкупіць яе з няволі.
У 1944 годзе Ганна са сваімі блізкімі перабіраецца ў Польшчу. Тут некаторы час яна працавала ў місіі ААН. Пазьней была супрацоўнікам Галоўнай Школы Сельскай Гаспадаркі ў Варшаве і навукова-даследчага інстытута харчавання.
Захаплялася лыжным і яхтавым спортам, актыўна папулярызавала заняткі спортам сярод школьнай моладзі.
Узнагароджана Камандорскім Крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы і медалём Праведнікаў народаў свету. З'яўлялася Дамай Рыцарскага Ордэна Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай.
Памерла 14.10.2017 у Варшаве.