Пінхус Крэмень (1890-1981)
Мастак, прадстаўнік Парыжскай школы.
Нарадзіўся 28.07.1890 у Жалудку (зараз – Шчучынскі раён) у сям'і рамесніка.
У 1909-1910 гадах вучыўся ў Віленскай мастацкай вучэльні, дзе пасябраваў з Х.Суціным і М.Кікоіным.
У 1912 годзе перасяліўся ў Парыж, пазнаёміўся з А.Мадыльяні, М.Шагалам, Ф.Лежэ. Жыў і працаваў у «Вуллі» на Монпарнасе. У 1914 годзе выставіў скульптуры ў салоне Незалежных. З 1915 года займаўся толькі жывапісам: пісаў краявіды, партрэты, нацюрморты і ню ў духу «умеранага» экспрэсіянізму.
У 1918 годзе пасяліўся ў Серы. У 1923 годзе знаёміцца з Брыгіт Стромбак, якая неўзабаве становіцца яго жонкай.
У 1928 годзе яго працы былі паказаныя ў рускім аддзеле выставы «Сучаснае французскае мастацтва» у Маскве, якая экспанавалася ў Трэццякоўскай галерэі.
Падчас вайны Крэмень хаваўся ў дэпартаменце Карэз на поўдні Францыі, дзе быў наёмным работнікам у вёсцы.
У 1945 годзе вяртаецца ў сваю майстэрню. Праз некаторы час мастак набыў участак зямлі ў Серы, дзе пабудаваў дом-майстэрню і пражыў да канца свайго жыцця.
Удзельнічаў у выставах камітэта «Францыя – СССР» (1945), «У гонар Перамогі» (1946). Правёў выставы ў Парыжы (1946, 1951, 1955, 1960, 1969, 1974), Лондане (1954, 1960), Філадэльфіі (1958), Жэневе (1969), Канах (1974). Удзельнічаў у групавых выставах «Рускія мастакі Парыжскай школы» у Сэн-Дэні (1960) і Парыжы (1961), «Мастакі Монпарнаса» у Лондане (1970), Восеньскі салон (1972) і іншых.
Памёр 05.04.1981.