Браніслаў Сікорскі (1894-?)
Польскі вайсковец, гаспадарчы і грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 14.09.1894 года ў маёнтку Зяняпішы (зараз – Шчучынскі раён) у шляхецкай сям’і. У 12-гадовым узросце па смерці бацькоў застаўся сіратой. Апеку над ім узяў яго дваюродны брат афіцэр царскай арміі Стэфан Воўк-Ланеўскі. Браніслаў скончыў курс сярэдняй школы і ў 1911 годзе быў залічаны ў Варшаўскі кадэцкі корпус.
У 1913 годзе пачаў працаваць у Расійскім банку ў горадзе Каліш. З пачаткам Першай ўсясветнай вайны быў вымушаны пакінуць Каліш і праз Варшаву вярнуўся на Віленшчыну. У 1915 годзе быў мабілізаваны ў войска і трапіў на фронт. У пачатку 1918 года ўступіў у польскі афіцэрскі легіён у Рагачове.
Пасля расфарміравання Першага Польскага корпуса вярнуўся на малую радзіму і ў лістападзе 1918 года ўступіў у Шчучынскую польскую самааброну, дзе выконваў функцыі намесніка камандзіра і камандаваў пяхотай. У далейшым служыў у Войску Польскім і арміі Сярэдняй Літвы.
У жніўні 1921 года дэмабілізаваўся і пачаў гаспадарыць на Шчучыншчыне. У 1924 годзе ў Гнезне навучаўся на гандлёвых курсах, і пасля іх завяршэння ўзначаліў сельскагаспадарчы сіндыкат у Шчучыне. У 1926 годзе адкрыў у горадзе ўласны сельскагаспадарчы магазін. Акрамя таго, арэндаваў вузкакалейную конную чыгунку Шчучын-Ражанка.
З пачаткам Другой ўсясветнай вайны быў мабілізаваны ў войска. Далейшы лёс невядомы.