Ізраіль Левін (1903-1943)
Мастак, прадстаўнік Парыжскай школы.
Нарадзіўся 08.08.1903 у Васілішках.
Атрымаў традыцыйную яўрэйскую адукацыю. Навучаўся ў Харкаве.
У 1921 годзе выехаў у Польшчу, пазней жыў у Германіі і Бельгіі.
У 1924 пасяліўся ў Грэноблі, дзе паступіў у мастацкую школу. Пасля некалькіх месяцаў вучобы разам з паэтам Абрамам Шлонскім выехаў у Палестыну. Пасля вяртання ў Францыю ў 1925 годзе ён канчаткова прысвяціў сябе жывапісу.
У 1929 годзе браў удзел у Восеньскім салоне.
У 1940 годзе, калі нацысты акупавалі Францыю, знаходзіўся ў рэгіёне Бардо. Вярнуўся ў Парыж, пасля чаго выехаў у так званую Свабодную Зону.
У 1943 годзе трапіў ў аўтамабільную аварыю каля горада Тур. Параненага яго даставілі ў шпіталь, адкуль інтэрнавалі ў Дрансі.
6 сакавіка 1943 года мастака дэпартавалі пад канвоем у Майданэк, адкуль ён жывым не выйшаў.
У 1955 годзе яго работы дэманстраваліся ў парыжскай галерэі Жак на выставе мастакоў і скульптараў, якія загінулі ў дэпартацыі.