Барыс Іванавіч Гардзейчык (1901-1966)
Адзін з кіраўнікоў савецкай партызанкі на Шчучыншчыне ў гады Другой усясветнай вайны, старшыня Зэльвенскага райвыканкама.
Нарадзіўся ў ліпені 1901 года ў вёсцы Вялікія Бярозаўцы (зараз – Шчучынскі раён).
Працаваў рабочым на трыкатажнай фабрыцы ў Петраградзе. Пасля кастрычніцкага пераварота вярнуўся ў родныя мясціны, дзе пачаў праводзіць актыўную бальшавіцкую прапаганду. Ратуючыся ад пераследу з боку польскай паліцыі, з 1929 па 1932 год працаваў у Францыі, дзе ўсупіў у шэрагі французкай кампартыі.
Пасля вяртання на радзіму быў арыштаваны і асуджаны польскімі ўладамі. З 1932 па 1936 год быў зняволены ў турме.
З далучэннем Заходня Беларусі да БССР працаваў у савецкіх арганізацыях у Васілішкаўскім раёне, перад вайной быў дырэктарам райпрампашыву.
Пасля нападу гітлераўцаў вёў дзейнасць па арганізацыі падполля ў Астрыне. З канца 1941 года распачаў партызанскую барацьбу. Са снежня 1942 па сакавік 1943 года быў старшынёй Акруговага камітэта па барацьбе з акупантамі. Узначаліў партызанскую групу, узвод, а пазней стаў камісарам партызанскага атрада імя А.Матросава.
У лютым-ліпені 1944 года быў камісарам партызанскай брыгады імя Ленінскага Камсамола і чальцом Васілішкаўскага падпольнага райкама партыі.
Пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў працаваў намеснікам старшыні Васілішкаўскага райвыканкама.
З 1947 па 1951 год быў старшынёй Зэльвенскага райвыканкама. Пазней узначальваў палітаддзел Поразаўскай МТС.
У 1953 годзе скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна і «Знак Пашаны».
Памёр 18.09.1966