Уладзімір Мікалаевіч Фядотаў (1930-1967)
Беларускі журналіст, пісьменнік.
Нарадзіўся 25.10.1930 у вёсцы Заполле (Шумілінскі раён).
У 1942 годзе ўся сям’я Фядотавых апынулася ў партызанскім атрадзе. Валодзя быў разведчыкам і сувязным. Аднойчы хлопчыка з бацькам на лясной дарозе напаткалі немцы з паліцаямі. Пасля здзекаў бацька быў расстраляны, а Валодзю аглушылі прыкладам і кінулі ў роў з ледзяной вадой. Толькі праз суткі хлопчыка знайшлі партызаны.
Пасля вайны скончыў школу, вучыўся ў партыйнай школе. Быў накіраваны на Шчучыншчыну. Рэдагаваў газету палітаддзела Дубраўскай МТС, а з 1954 года жыў і працаваў у Шчучыне, быў адказным сакратаром, а потым загадчыкам аддзела пісем шчучынскай раённай газеты.
З 1958 года – сябра Саюза журналістаў СССР.
Аўтар двух аповесцяў – «Мёртвыя застаюцца жывымі» і «Сорок дней». Кнігі выйшлі ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура» пасля смерці пісьменніка.
Узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй».
Памёр у Шчучыне 23.02.1967.