Бен-Авігдор (Аўрахам Лейб Шалковіч) (1866-1921)
Яўрэйскі пісьменнік, выдавец і адзін з першых папулярызатараў кнігі на сучасным іўрыце.
Нарадзіўся ў 1866 годзе ў мястэчку Жалудок (зараз – Шчучынскі раён).
Вучыўся ў Дзятлаўскім хедэры і ешыве.
У 1888 годзе пераехаў у Коўна, дзе вывучаў замежныя мовы і працаваў выкладчыкам.
У 1890 годзе перабіраецца ў Вільню, дзе ўступае ў таемную сіянісцкую арганіцацыю.
Пасяліўшыся ў Варшаве ў 1891 годзе, Бен-Авігдор пачаў выдаваць серыю «Сіфрэй агора», кнігі якой былі недарагімі, невялікімі па фармаце і добра аформленымі. Гэта серыя з'яўлялася выразнікам поглядаў «новай хвалі», якая імкнулася адрадзіць літаратуру на іўрыце ў рэчышчы рэалістычнага кірунку, распаўсюджанага тады ў Еўропе.
Поспех кніг «Агоры» заахвоціў Бен-Авігдора заснаваць у Варшаве друкарскі дом «Ахіасаф» (1893), якім былі выдадзены тры тамы штогодніка «Луах Ахіасаф» (1894-1896).
У 1896 годзе Бен-Авігдор пакінуў «Ахіасаф» і заснаваў выдавецкае таварыства «Тушыя», якое займалася перакладамі з замежных моў і дзе ажыццявілася адна з першых публікацый «Яўрэйскай дзяржавы» Тэадора Герцля.
У 1901 годзе ім быў створаны дзіцячы штотыднёвік пад назвай «Олам валены».
У 1913 годзе Бен-Авігдор заснаваў выдавецтва «Ахісефер».
Памёр Бен-Авігдор 23.09.1921 у Карлсбадзе (Чэхія).
Яго імя носіць адна з вуліц у Тэль-Авіве.