Валерый Антоній Урублеўскі (1836-1908)
Нарадзіўся 15(27).12.1836 у Жалудку (зараз – Шчучынскі раён).
Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбургскі лясны інстытут. У час вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў сябрам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка.
У 1861 годзе Урублеўскі быў накіраваны інспектарам лясной школы ў вёску Саколка Гродзенскай губерні. У 1861-62 адах ён актыўна ўдзельнічаў у стварэнні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Гродзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную газету «Мужыцкая праўда».
У час паўстання 1863-1864 гадоў кіраваў паўстанцкімі атрадамі. У час бою з казакамі 7 жніўня 1864 года Урублеўскі быў паранены. Крыху падлячыўшыся, ён эміграваў у Францыю.
У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. У час рэвалюцыйных падзей 1871 года Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і план ваенных дзеянняў. Неўзабаве яму было прысвоена званне генерала і ён узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа. Пасля паражэння Парыжскай Камуны версальцы завочна прыгаварылі яго да пакарання смерцю.
З фальшывым пашпартам Урублеўскі пераехаў у Англію, дзе блізка пазнаёміўся з К.Марксам і Ф.Энгельсам. У кастрычніку 1871 года яго выбралі членам Генеральнага савета І Інтэрнацыянала, сакратаром-карэспандэнтам для Польшчы.
Пасля распаду І Інтэрнацыянала і арганізацыі «Люд польскі» перабраўся ў Жэневу. У 1878 годзе ён нелегальна прыязджаў у Расію (Адэса, Пецярбург), сустракаўся з народнікамі-землявольцамі. Калі французскі ўрад абвясціў амністыю ўдзельнікам Парыжскай камуны, Урублеўскі ў 1885 гозе пераехаў у Францыю і пасяліўся ў горадзе Ніца. У 1901 годзе французскі ўрад прызначыў яму пенсію.
Памёр Урублеўскі 5 жніўня 1908 года. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, ля сцяны Камунараў.
Яго імя прысвоена Жалудоцкай сярэдняй школе (1971 год).