Аляксандр Аляксандравіч Маскевіч
Беларускі навуковец і педагог, доктар фізіка-матэматычных навук.
Нарадзіўся 27.02.1957 у вёсцы Быкаўка (зараз – Шчучынскі раён).
У 1974 годзе скончыў Ракавіцкую сярэднюю школу.
У 1978 годзе скончыў фізічны факультэт Гродзенскага дзяржуніверсітэта.
Працаваў ва ўніверсітэце на пасадах інжынера, малодшага навуковага супрацоўніка, загадчыка лабараторыі, навуковага супрацоўніка, старшага навуковага супрацоўніка.
У 1987 годзе скончыў аспірантуру пры БДУ, у 1991 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Даследаванне рэлаксацыйных працэсаў і рухомасці трыптафанавых астаткаў у бялках метадам імпульснай флуарыметрыі».
З 1992 года пачаў працаваць у якасці старшага выкладчыка, пазней – дацэнта, загадчыка кафедры агульнай фізікі.
У 2005 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.
Вобласць навуковых інтарэсаў – флуарэсцэнцыя бялкоў і біялагічна актыўных малекул, матэматычнае мадэляванне працэсаў затухання флуарэсцэнцыі.