Вацлаў Родзька (1888-1940)
Каталіцкі святар, пробашч касцёла ў Старых Васілішках, удзельнік беларускага хрысціянскага руху.
Нарадзіўся 01.01.1888 у вёсцы Робертава Бабруйскага павета. У 1910 годзе скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У гэтым жа годзе быў пасвячоны ў святары.
Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1910 годзе на пасадзе вікарыя ў Гродзенскім фарным касцёле.
У 1914-1915 гадах быў вікарыем касцёла Святога Яна ў Вільні.
У 1915-1919 гадах служыў пробашчам у парафіі Рыконты каля Трокаў.
У 1919-1920 гадах быў пробашчам парафіі ў Тракелях.
У 1920-1928 гадах служыў пробашчам парафіі ў Гальшанах.
З 1929 па 1938 год з’яўляўся пробашчам парафіі ў Старых Васілішках.
У 1938 годзе прызначаны пробашчам каталіцкага касцёла ў Трабах.
З часоў побыту ў Градна быў шчыльна звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Выступаў за асвету для беларускага народа на роднай мове. Ад пачатку выдання першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus» матэрыяльна падтрымліваў нацыянальны рэлігійны друк. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Шчучыншчыны быў узнагароджаны Залатым Крыжам Заслугі.
23 мая 1940 года быў забіты невядомымі спраўцамі. Яго абезгалоўленае цела знайшлі па дарозе з Трабаў да Ашмян.