Францішак Сакалоўскі (1864-1939)
Каталіцкі святар, ганаровы канонік Віленскай капітулы, пробашч касцёла ў Старых Васілішках.
Нарадзіўся 11.10.1864 у Пагірах (зараз на тэрыторыі Літвы).
Навучаўся ў гімназіі ў Ліепае, потым у Віленскай духоўнай семінарыі.
У 1889 годзе ў Коўне атрымаў святарскі сан.
Служыў святаром у каталіцкіх парафіях у Ганушышках, Даўгелішках, Бутрыманцах, Струнойцях.
У 1897 годзе ксёндз быў прызначаны пробашчам у Старыя Васілішкі. Галоўнай справай яго жыцця стала будаўніцтва новага храма. Святар цалкам ахвяраваўся гэтай справе і нават уласныя сродкі ўкладаў у будову святыні. Адначасова ён выконваў абавязкі Васілішкаўскага і Радуньскага дэкана, а таксама выкладаў у школах.
У Старых Васілішках айцец Францішак служыў да 1916 года. Потым ён вырашыў больш часу прысвяціць выкладчыцкай дзейнасці. З 1919 года ён быў прэфектам у школах у Гродна, Бутрыманцах і Вільні.
16 ліпеня 1924 года за сваю плённую працу на ніве духоўнасці Францішак Сакалоўскі атрымаў званне ганаровага каноніка Віленскай капітулы.
Апошнія гады жыцця святар правёў у кляштары баніфратраў у Вільні, дзе і памёр 4 жніўня 1939 года.