Віктар Іванавіч Дарашкевіч (1949-2003)
Беларускі навуковец, літаратуразнавец, тэкстолаг, перакладчык, крытык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Нарадзіўся 09.06.1949 у вёсцы Цёмнае Балота (зараз – Сасновы Бор Шчучынскага раёна).
Скончыў Астрынскую сярэднюю школу ў 1966 годзе.
У 1971 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ.
У 1971-1974 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры АН БССР, стажыраваўся на кафедры класічнай філалогіі Вільнюскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння аспірантуры працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры (1974-1978), вучоным сакратаром Савета па кааардынацыі навуковай дзейнасці пры прэзідыуме АН БССР (1978-1982). З 1982 года – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР.
Друкуецца з 1965 года (першыя апавяданні «Зорка Венера» і «Пачатак сяброўства» з'явіліся ў Шчучынскай раённай газеце «Савецкая вёска» і часопісе «Бярозка»).
Даследаваў гісторыю старажытнай беларускай літаратуры, новалацінскі літаратурна-філасофскі пласт Беларусі і Літвы XV-XVIII стагоддзяў. Падрыхтаваў да друку паэму «Песня пра зубра» М. Гусоўскага. Укладальнік навукова-каментаванага зборніка дакументаў і матэрыялаў пра Францыска Скарыну.
У 1994 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Загінуў у агні на пажары 12.10.2003.