Бернард (Міхал) Сыруць (1731-1784)
Матэматык, гісторык права, філолаг, даследчык Бібліі, перакладчык, аўтар падручнікаў па матэматыцы і кніг аб добрых манерах.
Нарадзіўся 08.10.1731. Паходзіў з Гродзенскага павета Ковенскай губерніі. Адукацыю Міхал распачаў у Шчучынскай піярскай школе, дзе ў шаснаццацігадовым узросце ў 1747 годзе далучыўся да ордэна піяраў і ўзяў імя Бернард.
Пасля двух гадоў навіцыяту ў Любяшове ў 1749 годзе прыняў манаскія абеты. Пасля засваення курса філасофіі (напэўна, таксама ў Шчучыне) ён прайшоў абавязковую педагагічную практыку. Наступным узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі было вывучэнне тэалогіі, якое ў гэты час у літоўскай правінцыі адбывалася ў Воранаве і ў Вільні.
Пасля 1753 года ордэнскія ўлады адправілі Бернарда на вучобу за мяжу - у рымскі Collegium Novum (1753-1756). На зваротным шляху Сыруць спыніўся ў Вене, дзе на працягу года ён выкладаў матэматыку ў знакамітай Терэзіянскай акадэміі.
Неўзабаве вучоны піяр зноў апынуўся на радзіме. Бернард Сыруць у віленскім Калегіуме Нобіліуме выкладаў матэматыку ў 1758/59-1761/62, 1765/66 гадах, а ў 1762/63 гадах выконваў там абавязкі рэктара.
Сыруць адначасова з навучаннем у Калегіуме Нобіліуме распачаў таксама шматгадовую працу ў Віленскім настаўніцкім прафесорыуме, на працягу дванаццаці гадоў выкладаў там піярскім кандыдатам у настаўнікі вымаўленне і матэматыку. Ён таксама ўдзельнічаў у кіраванні літоўскай правінцыяй піяраў у якасці дарадцы. Інтэнсіўная педагагічная праца Сыруця ў Вільні спалучалася таксама з некалькімі важнымі публікацыямі ў розных галінах навукі.
У 1781 годзе Бернард Сыруць атрымаў у Вільні ступень доктара багаслоўя і абодвух праў, а затым быў прызначаны на кафедру рымскага права ў Маральным калегіуме Галоўнай літоўскай школы, у якую была пераўтворана былая езуіцкая акадэмія ў Вільні.
Памёр у Вільні 31.05.1784.