Фёдар Міхайлавіч Сінічкін (1901-1962)
Партызанскі камандзір, Герой Савецкага Саюза.
Нарадзіўся 27.12.1901 (па іншых звестках – 10.08.1900) у сяле Гаўрылаўка (Самарская вобласць).
У Чырвонай Арміі з 1919 года. У час грамадзянскай вайны ўдзельнічаў у баях супраць войскаў генерала Юдзеніча ў раёне Петраграда.
У 1926 годзе ўступіў у ВКП(б). У 1920-1930 гадах праходзіў службу ў розных вайсковых часцях. У 1928 годзе скончыў Ленінградскую пяхотную школу, у 1935 – курсы ўдасканалення каманднага саставу.
У час савецка-фінляндскай вайны камандаваў аўтамабільнай ротай у складзе танкавай брыгады . Вызначыўся ў баявых дзеяннях на Карэльскім перашыйку і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баявых дзеяннях з чэрвеня 1941 года ў раёне горада Беласток, трапіў у акружэнне. У жніўні 1941 года ў Налібоцкай пушчы стварыў партызанскую групу.
Са снежня 1942 па май 1943 і са снежня 1943 па чэрвень 1944 года камандаваў партызанскай брыгадай імя Леніна (Ленінская), у чэрвені-кастрычніку 1943 года – партызанскай брыгадай імя Кірава на тэрыторыі Шчучынскай партызанскай зоны.
З 1945 года – у запасе. Жыў і працаваў на дзяржаўных пасадах у горадзе Слоніме
Памёр 17.07.1962. Пахаваны на Ружанскіх могілках у Слоніме.