Сяргей Аляксандравіч Маскевіч
Беларускі навуковец і дзяржаўны дзеяч, доктар фізіка-матэматычных навук, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся 01.08.1953 у вёсцы Быкаўка (зараз – Шчучынскі раён).
У 1970 годзе скончыў Ракавіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне фізікі фізіка-матэматычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Скончыў інстытут з адзнакай, і пачаў сваю працоўную дзейнасць у інстытуце ў 1974 годзе спачатку ў якасці лабаранта, а затым – старшага інжынера навукова-даследчага сектара.
З 1978 да 1982 года без адрыву ад вытворчасці навучаўся ў аспірантуры Інстытута біяхіміі Акадэміі навук Беларусі.
У 1983 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.
З 1983 года працаваў у якасці старшага выкладчыка, а затым – дацэнта кафедры агульнай фізікі.
У 1995 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.
З 1995 да 1997 года працаваў на пасадзе прарэктара па навуковай рабоце, а з 01.11.1997 – рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.
Быў намеснікам Старшыні Парламентскага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.
У 2010-2014 гадах – Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У 2015 годзе ўзначаліў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава БДУ.
З’яўляецца аўтарам больш 100 навуковых прац.