Егуда Лейб Хасман (1869-1936)
Выкладчык Талмуда, рабін Шчучына, кіраўнік Шчучынскай ешывы.
Нарадзіўся ў Іўі ў сям’і гандляра. Навучаўся ў свайго земляка вядомага равіна Хаіма Ойзера Градзінскага. У 1888 годзе пачаў вывучаць Талмуд Тору ў Кяльме (Літва). Ажаніўся і заняўся гандлем, але праз некалькі гадоў вырашвў поўнасцю прысвяціць сябе навуцы. Накіраваўся ў іешыву Валожына, пасля закрыцця якой вымушаны быў пераехаць у Любчу, а затым у Цяльшай (Літва). У 1905-1908 гадах служыў рабінам у Сакулцы (Польшча). Прытрымліваўся артадаксальных поглядаў.
У 1908 годзе па запрашэнні мясцовай абшчыны Хасман пераехаў у Шчучын, дзе ўзначаліў ешыву. Ён усталяваў вельмі жорсткую дысцыпліну і ўвёў у працэс навучання строгія маральныя практыкі. За кароткі час шчучынская ешыва «Анаф Кнэсет Ісраэль», якая лічылася філіялам знакамітай ешывы ў Слабодцы каля Коўна, набыла вялікую папулярнасць. Колькасць яе вучняў дасягнула 300 чалавек.
Першая сусветная вайна перапыніла дзейнасць ешывы. Хасман у 1915 годзе быў вымушаны пакінуць Шчучын, накіраваўшыся спачатку ў Мінск, а потым углыб Расіі.
У 1921 годзе Егуда вяртаецца ў Шчучын на пасаду рабіна. Яму не ўдалося аднавіць ешыву, але ён працягваў актыўна удзельнічаць у духоўным жыцці.
У 1926 годзе здзяйсняе алію – перасяленне ў Палестыну, дзе становіцца духоўным кіраўніком ешывы ў Хеўроне, створанай як філіял ешывы ў Слабодцы. Пасля пагрому, учыненага мясцовымі мусульманамі ў 1929 годзе, ён разам з рэшткамі ешывы пераязджае ў Ерусалім.
Памёр у 1936 годзе ў Ерусаліме, пахаваны на могілках каля Аліўкавай (Эліёнскай) гары побач з месцамі ўпакаення іншых духоўных лідараў.