Міхаіл Язэпавіч Урбановіч (1890-1973)
Каталіцкі святар заходняга абраду, магістар тэалогіі, манах-марыянін, місіянер, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., душпастыр, педагог
Нарадзіўся 30.10.1890 у Астрыне (паводле іншых крыніц – у мясцовасці Масеўня) Гродзенскай губерні.
Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1897 года жыў у Варшаве, дзе вучыўся ў школе. Прадоўжыў вучобу ў гімназіі. Пасля яе заканчэння вырашыў прысвяціць сваё жыццё святарскай дзейнасці.
З восені 1910 года – клерык Варшаўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары 24.01.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. На пачатку 20-х гадоў служыў у Віленскай дыяцэзіі. З 1922 года – у ордэне айцоў марыянаў. Пасля навіцыята прыняў манаства.
У 1924 годзе выехаў ў ЗША. Працаваў на пасадзе прафесара ў духоўнай семінарыі каля Чыкага, вучыўся ва ўніверсітэце Лаёлы.
У 2-й палове 1920-х гадоў пазнаёміўся з беларускім святаром Янкам Тарасевічам. Служыў вікарыем у касцёле Маці Божай Вострабрамскай у Чыкага. У 1935-1940 гадах працаваў таксама на пасадзе пробашча. Ведаючы літоўскую мову, выконваў святарскія абавязкі ў каталіцкіх парафіях і асяродках літоўскіх эмігрантаў у ЗША. У 1944-1950 гадах зноў вучыўся ва ўніверсітэце Лаёлы, дзе атрымаў ступень магістра псіхалогіі. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі выданнямі («Божым шляхам», Лондан; «Znic», Рым і інш.).
Апошнія гады жыцця правёў у доме-прытулку у Чыкага.
Памёр 4 жніўня 1973 года. Пахаваны на могілках св.Казіміра ў Чыкага.