Збігнеў Казліньскі (1922-2016)
Удзельнік польскай партызанкі на Шчучыншчыне, пісьменнік-мемуарыст.
Нарадзіўся 01.01.1922 года ў вёсцы Красны Груд (зараз – Ваўкавыскі раён). Бацька – афіцэр у арміі генерала Доўбар-Мусніцкага. Маці – дачка высланага ўдзельніка паўстання 1963 года. Сям’я пражывала ў маёнтку Чарноўшчына каля Шчучына.
Збігнеў спачатку вучыўся ў Шчучынскай гімназіі, а потым скончыў гімназію імя Адама Міцкевіча ў Гродне.
У верасні 1939 года ўдзельнічаў у абароне аэрадрома Каралін пад Гродна ад наступаючай Чырвонай Арміі, быў паранены. Бацьку арыштавалі, а сям’ю выслалі ў Казахстан. Збігнеў здолеў уцячы з цягніка і далучыўся да структур польскага падполля. Спачатку выконваў функцыі сувязнога, дастаўляючы інфармацыю ў Варшаву.
Яшчэ у 1940 годзе атрымаў ад бацькі сведчанні пра расстрэл польскіх афіцэраў у Катыні. У 1941 годзе па заданні структур польскага падполля тройчы наведваў Катынь з мэтай атрымання доказаў бальшавіцкіх злачынстваў.
З 1942 года змагаўся ў складзе першага батальёна 77-га пехотнага палка Арміі Краёвай, які дзейнічаў на Шчучыншчыне. У 1943 годзе ў баі з гітлераўцамі пад Дубічамі атрымаў цяжкое раненне, у выніку якога страціў нагу. Пад чужым прозвішчам рэпатраваўся ў Польшчу.
Пасля вайны скончыў політэхніку ў Лодзі. Працаваў у навуковых установах і праектных бюро ў Варшаве. Атрымаў шэраг патэнтаў на вынаходніцтвы.
Выдаў кнігі ўспамінаў «Час Вярнігары» (1997), «Чырвоныя з Добрага Дому» (2007), «Трохі вайны і пасля вайны» (2011), зборнік партызанскай паэзіі «На дарогах сваіх» (1985), альбом паэзіі з малюнкамі «Tam za rzeką, za mgłą był rodzinny mój dom...» (2011).
Памёр 03.02.2016.