Вольфганг Шэльман (Wolfgang Schellmann) (1911-1941)
Нямецкі ваенны лётчык-ас.
Нарадзіўся 02.03.1911 у Касэлі (Германія).
У 1930 годзе паступіў на вайсковую службу ў рэйхсверы Веймарскай рэспублікі. У ліку нямногіх нямецкіх лётчыкаў быў адабраны для баявой падрыхтоўкі ў Ліпецкай школе лётчыкаў-знішчальнікаў.
У 1932 годзе паступіў у Дрэздэнскую вайсковую школу.
У лістападзе 1937 года ўступіў добраахвотнікам у легіён «Кондар», які змагаўся на баку нацыяналістаў Франсіска Франка ў грамадзянскай вайне ў Іспаніі.
З пачаткам Другой усясветнай вайны ўдзельнічаў у бітве за Францыю, у баях над Ла-Маншам і Англіяй, у Балканскай кампаніі.
На рахунку Шэльмана было 25 перамог у паветраных баях. За вайну ў Іспаніі ён атрымаў Іспанскі залаты крыж з дыяментамі, а ў 1940 годзе быў узнагароджаны Рыцарскім крыжам Жалезнага крыжа.
22 чэрвеня 1941 года капітан Вольфганг Шэльман на сваім знішчальніку Messerschmitt Bf 109 у паветраным баі пад Гродна збіў савецкі самалёт І-153, але быў пратаранены іншым савецкім самалётам, верагодна І-153 старшага лейтэнанта Пятра Кузьміна.
Шэльман здолеў выскачыць з пашкоджанага самалёта з парашутам і прызямліўся на тэрыторыі Шчучыншчыны, дзе быў схоплены мясцовымі жыхарамі. Палоннага лётчыка даставілі ў Шчучынскі райаддзел НКВД, дзе яго, хутчэй за ўсё, і расстаралялі.
Гібель Вольфганга Шэльмана лічыцца самай значнай стратай Люфтвафэ ў першы дзень аперацыі «Барбароса».