Джэром Робінс (Джэром Вілсан Рабіновіч) (1918-1998)
Амерыканскі танцор, харэограф, рэжысёр-пастаноўшчык, двойчы лаўрэат прэміі «Оскар».
Нарадзіўся 11.10.1918 у Нью-Ёрку.
Бацькі Джэрома былі яўрэямі-эмігрантамі. Бацька - Гэршэль Рабіновіч - нарадзіўся ў 1888 годзе ў Ражанцы, адкуль у 1904 годзе выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі.
У 1924 годзе Джэром разам з маці і старэйшай сястрой Соняй гасцявалі на радзіме бацькі ў Ражанцы. Пазней гэты візіт ён падрабязна апісаў у сваіх успамінах.
У 1935 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы Джэром паступае на хімічны факультэт Нью-Ёркскага ўніверсіту, аднак неўзабаве спыняе навучанне і запісваецца ў балетную школу. З 1937 года ён пачынае прафесійную кар'еру балетнага танцора.
У 1944 годзе Джэром паставіў харэаграфію мюзікла «On the Town», якім распачаў сваю паспяховую кар'еру на Брадвеі.
У 1950 годзе Робінса дапытвалі па справе аб антыамерыканскай дзейнасці, бо раней ён быў чальцом камуністычнай партыі.
У 1957 годзе быў пастаўлены мюзікл «Вестсайдская гісторыя», які ў 1961 годзе быў экранізаваны і прынёс Джэрому Робінсу дзве прэміі амерыканскай кінаакадэміі «Оскар».
У 1959 годзе пад час гастроляў балетнай трупы ЗША па Еўропе Робінс наведаў Ражанку. Ён убачыў, што ад былога мястэчка, якое ён памятаў з дзяцінства, амаль нічога не засталося. Перажытыя ўражанні знайшлі адлюстраванне ў рэжысуры і харэграфіі мюзікла «Скрыпач на даху», які быў пастаўлены на Брадвеі ў 1964 годзе па матывах твораў Шалома Алейхема.
У 1970 годзе Робінс стаў балетмайстрам Нью-Ёркскага балету і засяродзіўся амаль выключна на класічным танцы.
У 1980-я гады на амерыканскім тэлебачанні выйшла серыя рэтраспектыўных пастановак мюзіклаў і балетаў аўтарства Робінса.
За сваю творчую дзейнасць Джэром Робінс быў адзначаны пяццю прэміямі Тоні, Нацыянальным медалём мастацтваў ЗША, Нацыянальным ордэнам Ганаровага легіёна Францыі, атрымаў званне ганаровага доктара гуманітарных навук Гарвардскага ўніверсітэта і ганаровым доктарам выяўленчага мастацтва Нью-Йоркскага ўніверсітэта, быў уведзены ў Залу славы амерыканскага тэатра і Залу славы Нацыянальнага музея танца.
Памёр 29.07.1998 у Нью-Ёрку.