1 студзеня
У 1888 годзе ў вёсцы Робертава Бабруйскага павета нарадзіўся Вацлаў Родзька – каталіцкі святар, пробашч касцёла ў Старых Васілішках, удзельнік беларускага хрысціянскага руху.
У 1919 годзе Шчучыншчына была ўключана ў склад абвешчанай у Смаленску Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.
У 1922 годзе у вёсцы Красны Груд (зараз – Ваўкавыскі раён) нарадзіўся Збігнеў Казліньскі – удзельнік польскай партызанкі на Шчучыншчыне, пісьменнік-мемуарыст.
У 1937 годзе Дзяржаўная сельскагаспадарчая жаночая школа ў Ражанцы была пераўтворана ў «Дзяржаўную школу падрыхтоўкі сельскіх гаспадынь у Ражанцы».
У 1942 годзе ў вёсцы Тур’я нарадзіўся Антон Баляслававіч Чашчэвік – навуковец, доктар біялагічных навук.
У 1949 годзе ў вёсцы Красляне нарадзіўся Уладзімір Яўгеньевіч Ягорычаў – гісторык і педагог, кандыдат гістарычных навук.
У 1950 годзе ў Жалудку быў арганізаваны калгас імя Сталіна.
У 1954 годзе ў Шчучыне нарадзіўся Юзаф Антонавіч Раўкуць – балетмайстар, артыст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Заслужаны артыст Беларусі.
У 1966 годзе ўтворана Шчучынская перасоўная механізаваная калона №26 (МПМК-167).
У 1992 годзе ўбачыў свет першы нумар газеты «Дзянніца» (змяніла назву з «Савецкай вёскі»).
2 студзеня
У 1885 годзе ў вёсцы Ракавічы нарадзіўся Багдан Келес-Краўзэ – польскі архітэктар і мастак.
У 1937 годзе ў вёсцы Ліпічанка нарадзіўся Уладзімір Гаўрылавіч Васько – пісьменнік і паэт.
У 1938 годзе ў вёсцы Крыпічоўшчына (зараз – Кірпічоўшчына) нарадзіўся Сяргей Сяргеевіч Паўлюкевіч – беларускі дзяржаўны дзеяч, гісторык, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці.
У 1948 годзе нарадзіўся Мікалай Аляксандравіч Дзікевіч – Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь.
У 1952 годзе ў вёсцы Ашмянцы нарадзіўся Уладзімір Вячаслававіч Усціновіч – гаспадарчы дзеяч, лаўрэат Кнігі славы горада Гродна.
У 1955 годзе ў вёсцы Грамкі нарадзіўся Эдуард Адамавіч Марцінчык – архітэктар.
У 1986 годзе ў Чыкага пайшоў з жыцця Уладзімір Тарасевіч – святар, грэка-каталіцкі біскуп, манах-бенедыкцінец, доктар багаслоўя, дзеяч беларускага замежжа (нарадзіўся ў Клешняках).
3 студзеня
У 1738 годзе ў вёсцы Крупа (зараз – Лідскі раён) нарадзіўся Казімір Нарбут – філосаф, выкладчык піярскай школы ў Шчучыне.
4 студзеня
У 1778 годзе ў вёсцы Пагост (зараз – Пінскі раён) нарадзіўся князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі – дзяржаўны дзеяч, эканаміст, уладальнік Шчучына (дата пададзена па Юліянскім календары, у некаторых крыніцах падаюцца альтэрнатыўныя даты – 16 снежня 1777 года ці 16 снежня 1778 года).
У 1905 годзе ў Сабакінцах нарадзіўся Вацлаў Сідаровіч – польскі спартовец, урач, спецыяліст па спартыўнай медыцыне, доктар медыцынскіх навук.
У 1918 годзе ў Спушы згарэў драўляны сядзібны дом Сапегаў, пабудаваны ў 1909 годзе ў так званым «закапянскім стылі».
У 1952 годзе ў вёсцы Крыўляны нарадзілася паэтка і педагог Святлана Пятроўна Бацюлева.
6 студзеня
У 1960 годзе ў вёсцы Андрушоўцы нарадзіўся Ян Янавіч Васілеўскі – дзяржаўны дзеяч, старшыня Бераставіцкага, Гродзенскага райвыканкамаў, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, Ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна.
У 1962 годзе ў вёсцы Ваўчкі нарадзіўся Уладзімір Уладзіміравіч Хелскі – педагог, трэнер школьнай хакейнай каманды «Арляняты», якая з'яўляецца шматразовым пераможцам рэспубліканскага турніра «Золотая шайба».
У 1965 годзе ў склад нанова ўтворанага Мастоўскага раёна са Шчучынскага раёна перададзены Галубоўскі, Дубнаўскі, Мікелеўшчынскі і Мастоўскі сельсаветы.
7 студзеня
У 1940 годзе тэрыторыя Шчучыншчыны была ўключана у абшар № 22 Навагрудскай акругі падпольнай вайсковай арганізацыі Служба Перамозе Польшчы, якая змагалася за вызваленне акупаванай гітлераўскай і сталінскай арміямі Рэчы Паспалітай.
8 студзеня
У 1881 годзе ў Васілішках нарадзіўся Саламон Юдалевіч Капельман – літаратар і выдавец.
У 1950 годзе ў вёсцы Арцюшы нарадзіўся Іван Іосіфавіч Кірвель – навуковец, доктар геаграфічных навук.
У 1987 годзе ўтвораны саўгас-камбінат «Васілішкі» (зараз – адкрытае акцыянернае таварыства «Васілішкі»).
9 студзеня
У 1919 годзе аб’яднаныя аддзелы Лідскай і Шчучынскай польскай Самаабароны здзейснілі няўдалую спробу апанаваць горад Ліда.
У 1955 годзе ў вёсцы Піляўсі нарадзіўся Славамір Валяр’янавіч Антановіч – пісьменнік і публіцыст.
У 1985 годзе адбылася катастрофа самалёта Ан-14 звяна кіравання 95-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі (базавалася на Шчучынскім аэрадроме), у выніку якой загінулі 4 вайскоўцы.
10 студзеня
У 1952 годзе ў вёсцы Баяры Жалудоцкія нарадзіўся Віктар Станіслававіч Карко – навуковец, кандыдат тэхнічных навук.
У 1986 годзе адбылася катастрофа самалёта МіГ-21Р са Шчучынскага аэрадрома каля вёскі Талькоўшчына (Слонімскі раён), загінуў лётчык капітан С.М.Крошын.
У 1997 годзе быў заснаваны гісторыка-краязнаўчы музей у сярэдняй школе № 2 горада Шчучына.
11 студзеня
У 1948 годзе ў вёсцы Русанаўцы нарадзіўся Іван Баляслававіч Тарасевіч – гаспадарчы дзеяч, лаўрэат «Кнігі славы Гродзенскай вобласці».
У 1950 годзе ў вёсцы Дзякаўцы нарадзілася Алена Вітальеўна Руцкая – паэтка і педагог.
12 студзеня
У 1877 годзе ў Мілануве (Польшча) нарадзіўся князь Людвік Рудольф Святаполк-Чацвярцінскі – апошні ўладальнік Жалудка.
У 1968 годзе ў вёсцы Завалкі нарадзіўся Аляксандр Віктаравіч Туля – гаспадарчы дзеяч, «Чалавек года Гродзеншчыны - 2022».
13 студзеня
У 1953 годзе ў вёсцы Шляхты нарадзіўся Валяр’ян Лявонавіч Жоль – Ганаровы грамадзянін Шчучына.
У 1968 годзе ў мястэчку Ражанка нарадзілася Алена Васільеўна Сідунова – навуковец і педагог, кандыдат біялагічных навук.
У 1960 годзе Бакштаўскі сельсавет перададзены са складу Радунскага раёна ў склад Шчучынскага раёна.
У 1991 годзе ў Жалудку пайшоў з жыцця Пётр Барташэвіч – каталіцкі святар, сузаснавальнік супольнасці Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, папскі прэлат, пробашч касцёла ў Жалудку.
14 студзеня
У 1919 годзе ў Шчучынскім касцёле адбылася ўрачыстая прысяга мясцовага аддзелу польскай Самаабароны.
У 1948 годзе ў Мікалайкаўшчыне каля Скідзеля нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч Хмялеўскі – спартсмен-легкаатлет, бронзавы прызёр Мюнхенскай Алімпіяды 1972 года ў кіданні молату (выхаванец Шчучынскай ДЮСШ).
У 1974 годзе быў скасаваны Нарашскі сельсавет Шчучынскага раёна (тэрыторыя ўвайшла ў склад Астрынскага пассавета).
У 1976 годзе ў вёсцы Вялікае Сяло нарадзіўся Анатоль Віктаравіч Дземідовіч – гісторык, кандыдат гістарычных навук.
У 2024 годзе ў Мінску пайшоў з жыцця Уладзімір Пятровіч Парфянок – беларускі фотамастак, педагог, куратар і адзін з заснавальнікаў галерэі візуальных мастацтваў Nova (нарадзіўся ў Астрыне).
15 студзеня:
У 1763 годзе на пасаду Вялікага Пісара Літоўскага быў прызначаны Антоні Тызенгаўз – палітычны і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, Гродзенскі стараста, уладальнік Жалудка.
У 1886 годзе ў Докшыцах (Віцебшчына) нарадзіўся Іван Аляхновіч – праваслаўны святар, настаяцель Турэйскай і Ракавіцкай цэркваў, ахвяра вайны.
У 1935 годзе ў вёсцы Крывулькі нарадзіўся Рыгор Рыгоравіч Касьяновіч – навуковец і педагог, кандыдат эканамічных навук.
У 1940 годзе былі ўтвораны Васілішкаўскі, Жалудоцкі і Шчучынскі раёны ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР.
У 1967 годзе, ратуючы жывёлу з палаючага калгаснага кароўніка, загінуў Станіслаў Клімак.
У 1974 годзе ў вёсцы Малявічы (Шчучынскі раён) нарадзіўся Генадзь Мікалаевіч Шатуеў – дзяржаўны дзеяч, старшыня Карэліцкага райвыканкама.
У 2020 годзе быў адкрыты музей гісторыі Шчучыншчыны ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі.
16 студзеня
У 1919 годзе ўначы чырвонаармейскі атрад з Ліды атакаваў аддзел польскай Самаабароны пад Лябёдкай.
У 1932 годзе ў Беліцы (Лідскі раён) нарадзіўся Яраслаў Львовіч Ліневіч – Заслужаны архітэктар БССР (выпускнік СШ №1 горада Шчучына).
У 1959 годзе ўтвораны Шчучынскі аўтапарк № 12.
17 студзеня
У 1919 годзе ў Шчучыне адбылося аб’яднанне аддзелаў Шчучынскай і Лідскай Самаабароны з батальёнам Дамброўскага Віленскага Аддзела Войск Польскіх.
У 1969 годзе былі скасаваны Дубраўскі сельсавет (тэрыторыя ўвайшла ў склад Жалудоцкага і Орлеўскага сельсаветаў) і Доўгаўскі (былы Саваўшчынскі) сельсавет (тэрыторыя ўвайшла ў склад Орлеўскага сельсавета).
У 2004 годзе ў Варшаве пайшоў з жыцця Чэслаў Юліюш Выджыцкі (Чэслаў Немэн) – знакаміты польскі рок-музыкант і кампазітар.
18 студзеня
У 1919 годзе ў Шчучыне адбылося ўрачыстае пахаванне 6 польскіх легіянераў, якія загінулі ў баі з бальшавікамі каля Лябёдкі.
У 1920 годзе ў вёсцы Варонішкі нарадзіўся Віктар Пенталь – польскі вайсковец, вядомы фатограф, краязнаўца.
19 студзеня
У 1952 годзе ў вёсцы Заполле нарадзіўся Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч – навуковец, кандыдыт сельскагаспадарчых навук, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
20 студзеня
У 1708 годзе ў Жалудку спыняўся цар Пётр І.
У 1903 годзе ў Новым Двары (па іншых сведчаннях – у горадзе Нікалаеў Херсонскай губерніі) нарадзіўся Станіслаў Вікенцьевіч Леута – футбаліст, неаднаразовы чэмпіён СССР, Заслужаны трэнер РСФСР.
У 1960 годзе быў скасаваны Васілішкаўскі раён. Астрынскі, Касцянеўскі, Навадворскі, Нарашанскі, Шайбакпольскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Астрына далучыліся да Шчучынскага раёна.
У 1972 годзе пайшоў з жыцця Рафаэль Хасман – яўрэйскі журналіст і пісьменнік, выхаванец Шчучынскай ешывы.
21 студзеня
У 1873 годзе, пасля грунтоўнай перабудовы, адбылося ўрачыстае пераасвячэнне старажытнай Мураванкаўскай царквы.
У 1945 годзе ў баі з войскамі НКВД пад Кавалькамі загінуў Ян Барысевіч – камендант злучэння «Поўнач» Навагрудскай акругі Арміі Краёвай.
22 студзеня
У 1816 годзе князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі быў прызначаны Гродзенскім губернатарам.
У 1944 годзе гітлераўскія карнікі спалілі вёску Зінякі разам з жыхарамі.
23 студзеня
У 1883 годзе ў Галавічполі нарадзіўся Вінцэнт Валейка – грамадска-палітычны дзеяч і педагог.
У 1889 годзе ў Сант’яга (Чылі) пайшоў з жыцця Ігнат Дамейка – знакаміты навуковец, выпускнік Шчучынскай школы піяраў.
У 2002 годзе ў Шчучыне адбылася прэзентацыя кнігі «Памяць: Шчучынскі раён».
24 студзеня
У 1974 годзе ў Шчучыне нарадзілася Жанна Міхайлаўна Галанава – псіхолаг, педагог, кандыдат псіхалагічных навук.
25 студзеня
У 1902 годзе ў Лодзі нарадзіўся Тадэвуш Сечка – каталіцкі святар, доктар тэалогіі, гісторык, пробашч касцёла ў Дэмбрава, ахвяра вайны.
У 1986 годзе калгас імя Кірава быў далучаны да калгасу «Россия».
26 студзеня
У 1919 годзе аддзел польскіх войскаў пад камандаваннем Дамброўскага пераправіўся праз Нёман каля Орлі і пакінуў тэрыторыю Шчучыншчыны.
У 1938 годзе ў Ходараўцах (Лідскі раён) нарадзіўся Аляксандр Віктаравіч Шарапа – навуковец і педагог, доктар гістарычных навук (выпускнік Жалудоцкай СШ).
27 студзеня
У 1828 годзе ў вёсцы Рудава (зараз – Шчучынскі раён) нарадзілася Альжбета Табенска – асветніца, мемуарыстка, удзельніца паўстання 1863 года.
У 1863 годзе ў касцёле ў Васілішках быў абвешчаны маніфест паўстанцкага ўрада.
У 1918 годзе ў Касцянева нарадзіўся Ежы Самуэль Кастравіцкі – польскі географ і эканаміст, прафесар, доктар навук.
28 студзеня
У 1902 годзе ў фальварку Зосін на Шаркаўшчыне нарадзіўся Ян Траццяк – польскі гаспадарчы і грамадска-палітычны дзеяч, дэпутат Сейма (жыў і гаспадарыў на Шчучыншчыне).
У 1948 годзе ў вёсцы Псярцы нарадзіўся Генрых Адольфавіч Федасевіч – гаспадарчы дзеяч, лаўрэат Дзяржпрэміі СССР, Ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна.
У 1980 годзе ў Маскве пайшоў з жыцця Станіслаў Вікенцьевіч Леута – футбаліст, неаднаразовы чэмпіён СССР, Заслужаны трэнер РСФСР (нарадзіўся ў Новым Двары).
29 студзеня
У 1876 годзе ў Красным (Варонежская вобласць) нарадзіўся Ежы (Юрый) Леанардавіч Іваноўскі – палітычны дзеяч, міністр у міжваннай Польшчы, дзеяч эміграцыі.
У 2023 годзе пайшоў з жыцця Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч – педагог і грамадскі дзеяч, Заслужаны работнік адукацыі, Ганаровы грамадзянін Шчучына.
30 студзеня
У 1938 годзе ў Вільні адбыўся з'езд дэлегатаў Крэсавага Саюза Землеўласнікаў з удзелам прадстаўнікоў Шчучынскага павятовага аддзела арганізацыі начале з князем Людвікам Святаполк-Чацвярцінскім.
31 студзеня
У 1949 годзе ўтвораны калгас у Астрыне (зараз – «АграГЖС»).
У 1957 годзе была прынята пастанова выканкама Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў аб прысваенні Астрынскай школе імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
У 1973 годзе ў вёсцы Гірдзеўка на базе племянной станцыі было ўтворана Шчучынскае дзяржаўнае вытворчае прадпрыемства па племянной справе.
У 2011 годзе ў гімназіі горада Шчучына адкрыты музей гісторыі адукацыі.