Леанард Станіслававіч Іваноўскі (1845-1919)
Дзяржаўны і грамадскі дзеяч, садавод-селекцыянер, Ганаровы грамадзянін Ліды
Нарадзіўся 02.11.1845 (па Юліянскім календары) у Лябёдцы (зараз – Шчучынскі раён).
Пасля вучобы ў Віленскай гімназіі паступіў у Тэхналагічны інстытут у Санкт-Пецярбургу. Пасля яго заканчэння ў 1868-1891 гадах працаваў у якасці інжынера-тэхнолага на будоўлях Урала, Сібіры і Паволжа.
3 1899 года быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург, дзе атрымаў чын стацкага саветніка, стаў членам Дзяржаўнага Савета і ўзначаліў пры ім аддзел інвестыцый.
Яго асабістым сябрам з’яўляўся знакаміты хімік Дзмітрый Мендзялееў, разам яны наведалі Лондан, дзе Іваноўскі перакладаў на англійскую мову лекцыі Мендзялеева па тэорыі перыядычнай сістэмы хімічных элементаў у Каралеўскім хімічным таварыстве.
У 1874 годзе Леанард Іваноўскі ўзяў шлюб з Ядвігай фон Рэйхель. Атрыманы за ёй пасаг – землі на Кракаўшчыне ён прадаў, а на атрыманыя грошы пашырыў плошчу фальварка Лябёдка. 3 1868 года пачынаецца планамернае насаджэнне садоў. За мяжою набываюцца лепшыя сельскагаспадарчыя машыны і нават першы на Шчучыншчыне паравы млын.
Яблыкі, слівы і грушы з Лябёдкі вылучаліся настолькі выдатнай якасцю, што вывозіліся толькі на сталічныя рынкі – у Маскву і Санкт-Пецярбург. Сам Леанард Іваноўскі ў 1898 годзе быў абраны старшынёй Варшаўскага таварыства садаводаў. Ён арганізаваў у Лябёдцы сельскагаспадарчыя выставы, якія знаёмілі навакольных сялян з сучаснай агракультурай, лепшымі сартамі збожжа, агародніны і садавіны, пародамі жывёлы. Для сялянскай моладзі ў фальварку Лябёдка былі створаны і актыўна дзейнічалі курсы па паляводству, жывёлагадоўлі, садаводству і пчалярству.
У верасні 1915 года ў садах Лябёдкі раскватэраваўся 40 корпус царскай арміі разам з артылерыяй і абозамі, якія фактычна знішчылі сады. 3 прыходам германскай арміі становішча яшчэ болей пагоршылася. Планамернымі рэквізіцыямі ўсяго, што ўяўляе хоць малую каштоўнасць, немцы давялі гаспадарку да галечы. Леанард Іваноўскі не вытрымаў і нават спрабаваў бунтаваць супраць нямецкай інтэнданцкай каманды. Але немцы проста скруцілі старога і пасадзілі ў падвал пад арышт. Гэта надламіла здароўе Леанарда Іваноўскага і 15 кастрычніка 1919 года ён памёр.
Пахаваны ў радавым склепе ў 800 метрах ад сядзібы ў Лябёдцы (склеп быў зруйнаваны пры бальшавіках).