СІНАГОГА Ў
НОВЫМ ДВАРЫ
СІНАГОГА Ў
НОВЫМ ДВАРЫ
ЧАС ПАБУДОВЫ:
1897-1901 гады
АРХІТЭКТАРЫ:
губернскі архітэктар Аляксей Полазаў
АРХІТЭКТУРНЫ СТЫЛЬ:
мадэрн
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
Новы Двор стаў адным з першых месцаў з'яўлення яўрэяў на Шчучыншчыне. Пасля вялікага пажару ў Гродна ў 1617 годзе сюды прыехалі пагарэльцы-іўдзеі. Большасць з іх вярнуліся ў Гродна пасля адбудовы спаленых дамоў, але некаторыя аселі ў Новым Двары.
Варта адзначыць, што доўгі час яўрэі не мелі значнага ўплыву на сацыяльна-эканамічнае жыццё мястэчка. Яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя ў Новым Двары стала пражывала толькі тры яўрэйскіх сям'і, якія адносіліся да кагалу (абшчыны) Васілішак. Аднак ўжо ў 1897 годзе доля яўрэяў у агульнай колькасці насельніцтва мястэчка перавысіла 80%. Хуткі рост папуляцыі прыводзіў да перанаселенасці і скучанасці жылых пабудоў. Як вынік - частыя знішчальныя пажары. У канцы ХІХ стагоддзя ў адным з такіх пажараў згарэла мясцовая сінагога.
Мясцовая яўрэйская супольнасць прыняла рашенне пабудаваць новую мураваную сінагогу. У 1897 годзе праект мураванага малітоўнага дому быў зацверджаны з некаторымі праўкамі (зменены выгляд галоўнага фасаду). У кастрычніку 1899 года асноўны аб'ём будаўнічых работ быў выкананы, аднак працягваліся працы па ўнутраным аздабленні.
Кіраваў узвядзеннем святыні Пінхас Старынскі - мясцовы рабін і прадпрымальнік, які гандляваў лесам і меў у Новым Двары ўласны магазін. Пінхас ўклаў у будаўніцтва шмат уласных сродкаў. Драўляны арон-кадэш (каўчэг для захавання Торы) ён замовіў таленавітаму майстру з Вільні, які цягам двух гадоў працаваў над гэтым важным элементам. Нарэшце ў 1901 годзе новы бейт-мідраш адчыніў свае дзверы для мясцовай супольнасці.
У гады Другой усясветнай вайны амаль усё яўрэйскае насельніцтва Новага Двара было знішчана нацыстамі (забіта ці вывезена ў гета ў Астрыне, адкуль трапіла ў лагер смерці ў Трэблінцы). У пасляваенны час у будынку размясцілі краму. Негледзячы на некаторыя змены ў знешнім выгляде сінагога да гэтай пары захавала свае характэрныя рысы.
ГЕАГРАФІЧНЫЯ КААРДЫНАТЫ:
СПАСЫЛКІ Ў СЕЦІВЕ:
старонка на рэсурсе Radzima.org