ПАЛАЦ КНЯЗЁЎ
ДРУЦКІХ-ЛЮБЕЦКІХ
У ШЧУЧЫНЕ
ПАЛАЦ КНЯЗЁЎ
ДРУЦКІХ-ЛЮБЕЦКІХ
У ШЧУЧЫНЕ
ЧАС ПАБУДОВЫ:
1895-1925 гады
АРХІТЭКТАРЫ:
аўтарам праекту палаца з'яўляецца віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі
АРХІТЭКТУРНЫ СТЫЛЬ:
неакласіцызм
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
У працах некаторых даследчыкаў раней падаваўся памылковы час будаўніцтва палаца – канец XVIII стагоддзя. Праблема ўзнікла з-за блытаніны ў крыніцах: часам Шчучын атаясамлівалі з горадам у Польшчы, які мае такую ж назву. У выніку яшчэ да гэтай пары сустракаецца інфармацыя, што палац у Шчучыне пабудаваў дэ Фланерс на замаўленне падскарбія літоўскага Станіслава Антонія Шчукі. Аднак дакладна вядома, што ўласнікамі беларускага Шчучына ў той час былі прадстаўнікі роду Сцыпіёнаў, а Станіслаў Антоній Шчука быў заснавальнікам якраз Шчучына польскага. Менавіта ў гэтым апошнім Шчучыне француз дэ Фланерс у канцы XVII стагоддзя кіраваў працамі на будаўніцтве ўмацаванняў замку, на месцы якога ў пачатку XVIII стагоддзя па праекце Юзафа Піёлы быў пабудаваны барочны палац.
Блытаніне садзейнічала і тое, што праект палаца ў беларускім Шчучыне не зусім адпавядаў тагачаснай «модзе» і быў своеасаблівым «рэверансам» у бок французскага класіцызму (нездарма знаўцы параўноваюць шчучынскі палац з Малым Трыянонам у Версалі, пабудаваным у 1764 годзе).
Сучаснаму палацу ў Шчучыне папярэднічала рэзідэнцыя Сцыпіёнаў. Хто быў аўтарам праекту, калі быў пабудаваны і як выглядаў гэты будынак сведчанняў, на вялікі жаль, пакуль не знойдзена. Вядома, што знаходзіўся ён на месцы сучаснага палаца, што пацведрдзілі даследаванні, праведзеныя пры стварэнні праекту зон аховы і ў межах рэстаўрацыйных работ. Наўрадці рэзідэнцыя Сцыпіёнаў была адметным творам архітэктуры. У 1784 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі па дарозе на сейм у Гродна спыняўся на начлег у Шчучыне. Пры гэтым ночыла каралеўская дэлегацыя не ў доме Сцыпіёнаў, як можна было спадзявацца, а ў кляштары айцоў-піяраў.
Новы ўласнік Шчучына (з 1807 года) Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі вялікае значэнне надаваў эканамічнаму развіццю мястэкча. А вось будаўніцтвам адпавядаючага яго сацыяльнаму статусу палаца не праймаўся. Прычынай магло быць тое, што князь рэдка наведваў Шчучын і большаць часу праводзіў на дзяржаўнай службе ў сталіцы імперыі і Варшаве. Акрамя таго меліся ў яго рэзідэнцыі ў іншых гарадах ды мястэчках. Нават калі ў 1809 годзе палац Сцыпіёнаў згарэў, князь не стаў яго аднаўляць, а загадаў збудаваць двор, які хутчэй выконваў гаспадарчыя функцыі.
Толькі ў канцы ХІХ стагоддзя ідэяй пабудовы прадстаўнічай рэзідэнцыі ў Шчучыне захапіўся князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі. Распрацоўкай праекту палаца займаўся папулярны віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Дарэчы, палац Друцкіх-Любецкіх не быў адзіным яго тварэннем на Шчучынчыне. Аўтарству Раствароўскага належалі таксама першапачатковы праект палаца Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку і праект сядзібы «Лябёдка Іваноўскіх» у Галавічполі.
Будаўніцтва палаца ў Шчучыне расцягнулася ажно на тры дзясяцігоддзі. Працы распачаліся яшчэ ў 1895 годзе. Аднак, правінцыйны Шчучын, верагодна, не вельмі вабіў эпатажнага князя, які любіў свецкае жыццё і ахвотней бавіў час у Варшаве, Вільні ды Гродна. Рэвалюцыйныя падзеі 1905-1906 гадоў таксама досыць негатыўна паўплывалі на далейшы лёс рэзідэнцыі. Да таго ж у 1909 годзе Уладзіслаў купіў у банкіра Эпштэйна палац у Тарэсіне непадалёк ад Варшавы, дзе князь пражыў апошнія свае гады і дзе яго напаткала трагічная і таямнічая смерць у 1913 годзе.
Чарговымі выправаваннямі для шчучынскага палаца сталі Першая ўсясветная вайна і рэвалюцыя. Нейкім дзівам будынак выстаяў у гэты неспакойны час, але толькі ў 1925 годзе набыў завершаны выгляд.
Палац абкружаў велізарны парк у некалькі дзесяткаў гектараў. Старая частка парку была закладзена, верагодна, яшчэ пры Сцыпіёнах, і не выключана, што сваю руку да яе стварэння прылажыў Станіслаў Баніфацый Юндзіл. Далей пачынаўся «дзікі парк», дзе месціўся звярынец. Паводле старажылаў, парк налічваў не менш 150 відаў раслін. Сярод дрэў працякала рака Тураўка, праз якую быў перакінуты прыгожы мосцік. З левага боку палаца было некалькі сажалак, адкуль на княжацкі стол трапляла свежая рыба. У глыбіні парку ў асобным мураваным будынку, які захаваўся ад Сцыпіёнаў, месціліся вялікая бібліятэка і архіў.
У 1939 годзе з прыходам бальшавікоў княская маёмасць была нацыяналізавана. Пасля Другой усясветнай вайны на тэрыторыі былога маёнтку Друцкіх-Любецкіх узнікла буйная вайсковая частка. Палац стаў гарнізонным домам афіцэраў, і дзякуючы гэтаму ўтрымліваўся ў даволі добрым стане. Праўда, да асноўнага аб'ёму палаца быў прыбудаваны кіназал. Аднак праектанты здолелі максімальна беражліва захаваць архітэктуру старога будынку. Чаго не скажаш пра парк, які быў амаль цалмам знішчаны, сажалкі засыпаныя, а замест ракі ўзнікла запруда, якую сталі называць «шчучынскім возерам».
У 1994 годзе авіяцыйны полк быў канчаткова расфарміраваны, а былую вайсковую маёмасць перадалі мясцовым уладам. Палац без належнай аховы і гаспадарчага нагляду пачаў разрабоўвацца і літаральна разбурацца. Дзякуючы намаганням актыўных прадстаўнікоў грамадскасці і мясцовых уладаў удалося атрымаць бюджэтнае фінансаванне на правядзенне рамонту даху. Аднак сродкаў на поўную рэстаўрацыю палаца патрабавалася значна больш.
Паваротным момантам у лёсе былой княскай рэзідэнцыі стала абранне Шчучына сталіцай чарговага Дня беларускага пісьменства. Пры садзейнічанні прэм'ер-міністра краіны Андрэя Кабякова, які ў свой час жыў у Шчучыне, а таксама дзякуючы актыўнасці старшыні райвыканкама Сяргея Ложачніка ўдалося прыспешыць рэстаўрацыю палаца і ў верасні 2015 года ён гасцінна расчыніў дзверы для тысяч жыхароў і гасцей Шчучына.
СТАТУС АБ'ЕКТА:
14.05.2007 пастановай Савету Міністраў комплексу былога палаца нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі.
ГЕАГРАФІЧНЫЯ КААРДЫНАТЫ:
СПАСЫЛКІ Ў СЕЦІВЕ:
старонка на рэсурсе Radzima.org
старонка на партале Глобус Беларусі
старонка на сайце Планета Беларусь
старонка на партале POSHYK.INFO
старонка на партале BELARUS.TRAVEL