СЯДЗІБА
"ЛЯБЁДКА ІВАНОЎСКІХ"
СЯДЗІБА
"ЛЯБЁДКА ІВАНОЎСКІХ"
ЧАС ПАБУДОВЫ:
1909 год
АРХІТЭКТАРЫ:
АРХІТЭКТУРНЫ СТЫЛЬ:
мадэрн з элементамі неаготыкі
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
7 лістапада 1510 года прывілеем караля польскага Жыгімонта І фальварак Дварэц быў запісаны ў якасці спадчыннага ўладання Івашкі Рыла-Быкоўскага. Праз некаторы час цэнтр фальварку быў перанесены ў іншае месца, і ўжо ў 1568 годзе сядзіба мела назву "Лябёдка". Больш за тры стагоддзі Лябёдкай валодалі нашчадкі Рыла-Быкоўскага, пакуль у 1844 годзе маёнтак не атрымаў у пасагу за жонкай Антанінай Рыла-Быкоўскай Станіслаў Іваноўскі.
Да пачатку ХХ стагоддзя ў Лябёдцы знаходзіўся вялікі драўляны дом, крыты гонтам. У 1901 годзе яго разабралі, бо Леанард Іваноўскі вырашыў на тым месцы ўзвесці новы цагляны будынак. Пры гэтым з частку старога дому з верандай перанеслі ў сад.
Аўтарам праекту новага сядзібнага дома быў папулярны вілненскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Варта адзначыць, что стылістычна і кампазіцыйна будынак нагадвае дом у сядзібе Красны Бераг на Гомельшчыне. І гэта, хутчэй за усё, не выпадковае супадзенне. Справа ў тым, што Іваноўскія і Козел-Паклеўскія (уласнікі сядзібы Красны Бераг) былі далёкімі родзічамі. Леанард Іваноўскі праходзіў вытворчую практыку на сібірскіх прадпрыемствах, якія належалі Альфонсу Козел-Паклеўскаму. Пазней ужо з сынам Альфонса - Вінцэнтам Козел-Паклеўскім яны разам працавалі ў складзе Дзяржаўнага Савета. Верагодна, Леанард наведваў свайго калегу і родзіча ў Красным Беразе, які той атрымаў у пасагу за жонкай Марыяй Гатоўскай. У 1893 годзе па праекце Віктара Шрэтэра ў Красным Беразе быў пабудаваны новы сядзібны дом - сапраўдны палац ў эклектычным стылі. Напэўна, Леанард Іваноўскі быў надзвычай ўражаны гэтым домам і загарэўся ідэяй пабудаваць нешта падобнае ў сваім маёнтку.
На жаль, у 1901 годзе архітэктар Віктар Шрэтэр пакінуў гэты свет, аднак у праекце Лябёдскай сядзібы яскрава прасочваюцца рысы яго стылю. Верагодна, Тадэвуш Раствароўскі па жаданні Леанарда Іваноўскага імкнуўся надаць як мінімум знешняе падабенства з палацам у Красным Беразе, хоць маштаб быў відавочна зменшаны.
Пры будаўніцтве па магчымасці выкарыстоўваліся мясцовыя матэр'ялы, праўда якасную чырвоную цэглу (як і для касцёла ў Старых Васілішках) прывозілі з польскага Ўлоцлаўка. Будаўніцтва было завершана ў 1908 годзе.
Пасля смерці Леанарда Іваноўскага ў 1919 годзе, згодна з яго тастамантам, дом павінен быў перайсці ва ўласнасць дачкі Алены Іваноўскай. Аднак малодшы з яе братоў Станіслаў Іваноўскі пачаў судовую цяжбу з родзічамі, якая расцягнулася на доўгія гады. У 1939 годзе бальшавікі нацыяналізавалі сядзібу.
Пасля Другой усясветнай вайны на базе сядзібы быў створаны дзіцячы дом, які пазней быў перапрафіляваны ў Дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.
У пачатку ХХІ стагоддзя была здзейснена рэканструкцыя будынку, у выніку якой ранейшае пакрыццё даху было заменена на сучасную металічную фарбаваную бляху. Таксама былі знішчаны гаспадарчыя будынкі, якія размяшчаліся на тэрыторыі былой сядзібы.
У нашыя дні сядзібны дом з'яўляецца адміністрацыйным корпусам вышэй прыгаданай сацыяльнай установы, што ўскладняе доступ да яго для звычайных турыстаў.
СТАТУС АБ'ЕКТА:
14.05.2007 пастановай Савету Міністраў былой сядзібе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі.
ГЕАГРАФІЧНЫЯ КААРДЫНАТЫ:
СПАСЫЛКІ Ў СЕЦІВЕ:
старонка на рэсурсе Radzima.org