ЧЫГУНАЧНАЯ СТАНЦЫЯ
Ў РАЖАНЦЫ
ЧЫГУНАЧНАЯ СТАНЦЫЯ
Ў РАЖАНЦЫ
ЧАС ПАБУДОВЫ:
1907 год
ЛАКАЛІЗАЦЫЯ:
Шчучынскі раён, Ражанкаўскі сельсавет, пасёлак Ражанка
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
Будынак станцыі быў узведзены ў 1907 годзе на новапабудаванай чыгуначнай лініі «Балагое-Сядлец». Гэтую дарогу будавалі ў 1902-1907 гадах за кошт крэдыта, выдзеленага Францыяй. Асноўным прызначэннем чыгуначнай магістралі было забеспячэнне хуткай перакідкі войскаў з цэнтральнай Расіі да мяжы з Прусіяй.
Усе станцыі будаваліся па тыповых праектах, зацверджаных у Пецярбургу. Станцыя ў Ражанцы мела чацвёрты клас і спачатку выглядала прыкладна так, як чыгуначная станцыя Гаўя ў Іўеўскім раёне.
У 1916 годзе нямецкімі акупацыйнымі ўладамі была пабудавана вузкакаляёвая чыгунка, якая злучыла станцыю Ражанка з Плянтамі.
У 20-ыя гады ХХ стагоддзя станцыя была перабудавана. У той час польскія ўлады імкнуліся надаць будынкам стылёвыя прыкметы нацыянальнай архітэктуры. Праект быў распрацаваны ў Вільні упраектным бюро Тадэвуша Раствароўскага. У выніку будынак набыў рысы так званага «правінцыйнага барока», дзякуючы акруглым формам портыка над уваходам і надбудове мансарднага паверху з высокім ламаным дахам, крытым гонтам. Такім чынам агульны выгляд вакзалу стаў прыгадваць тыповы шляхецкі сядзібны дом.
1 верасня 1939 года станцыя Ражанка была збамбардавана гітлераўскімі самалётамі. 22 чэрвеня 1941 года станцыя чарговы раз стала аб'ектам бамбардавання для нямецкай авіяцыі.
Да пачатку ХХІ стагоддзя будынак станцыі захоўваў характэрныя архітэктурныя рысы. У выніку апошняй рэканструкцыі знешні выгляд змяніўся (заменены дах і сталярка, зніклі вокны мансарднага паверху).
СПАСЫЛКІ: