ПАЛАЦ КНЯЗЁЎ
СВЯТАПОЛК-ЧАЦВЯРЦІНСКІХ
У ЖАЛУДКУ
ПАЛАЦ КНЯЗЁЎ
СВЯТАПОЛК-ЧАЦВЯРЦІНСКІХ
У ЖАЛУДКУ
ЧАС ПАБУДОВЫ:
1907-1908 гады
АРХІТЭКТАРЫ:
Першапачатковы праект распрацаваў Тадэвуш Раствароўскі, пазней на жаданне ўласніка былі ўнесены карэктывы Уладзіславам Марконі.
АРХІТЭКТУРНЫ СТЫЛЬ:
неабарока
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
Звесткі пра палац у Жалудку сягаюць часоў Тызенгаўзаў, якія валодалі мястэчкам з XVIII стагоддзя. Да нашага часу захаваўся аднапавярховы жылы будынак у неагатычным стылі, які раней меў невысокую вежу з замацаваным на ёй бляшаным сцяжком з гербам Тызенгаўзаў. Цалкам верагодна, што гэты будынак, званы «замачкам», быў перабудовай ранейшай сядзібы, ад якой захаваўся яшчэ шэраг гаспадарчых пабудоў, а таксама парк, заложаны ў часы Антонія Тызенгаўза.
Ёсць меркаванне, што ў пачатку ХІХ стагоддзя Рудольф Тызенгаўз распачаў будаўніцтва новай рэзідэнцыі: былі ўзведзены дзве афіцыны з палявога каменю ў класіцыстычным стылі. Аднак, неспакойны час войнаў і паўстанняў не дазволіў зрэалізаваць гэты праект. Тым больш, што мужчынская лінія Тызенгаўзаў згасла.
У 1907 годзе князь Людвік Рудольф Святаполк-Чацвярцінскі распачаў будову новай рэзідэнцыі ў Жалудку. Аўтарам першапачатковага праекту быў віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Аднак князю нешта не спадабалася, і ён даручыў перапрацаваць падрыхтаваны праект варшаўскаму архітэктару Уладзіславу Марконі.
У адрозненні ад суседняга Шчучына, жалудоцкі палац быў пабудаваны літаральна за год. У час Першай ўсясветнай вайны будынак моцна не пацярпеў, хоць мэбля і інтэр'еры былі разрабаваныя. Зімой 1918 года размерзліся трубы сістэмы ацяплення. У міжваенны перыяд Святаполк-Чацвярцінскія не спяшаліся цалкам аднаўляць палац, выкарыстоўваючы яго ў летні час для правядзення баляў ды раўтаў. У 1929 годзе ў палацы быў арганізаваны ганаровы прыём для прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага, які наведваў усходнія ваяводствы.
У верасні 1939 года палац быў нацыяналізаваны саветамі. Князя з жонкай арыштавалі і адправілі на Лубянку. Пры пасрэдніцтве караля Італіі Людвіка Чацвярцінскага вызвалілі з турмы. Аднак далейшы лёс князя склаўся трагічна. Ён накіраваўся да брата ў акупаваную гітлераўцамі Сухаволю. Там князёў арыштавалі і накіравалі ў Асвенцім, дзе апошні ўладальнік Жалудка неўзабаве памёр.
Палац жа трапіў пад «апеку» вайскоўцаў: спачатку рэшткі маёмасці парасцягвалі «сталінскія сокалы», потым немцы арганізавалі вайсковы шпіталь, а ў 1944 годзе тут ізноў размясціліся чырвонаармейцы.
У 1983 годзе пасля пабудовы новага «вайсковага гарадка» на ўскрайку Жалудка сядзіба перайшла ў карыстанне Нацыянальнай Акадэміі Навук: тут дзейнічала загадкавае лідскае прадпрыемства з геаметрычнай назвай «Конус». У выніку такога «гаспадарання» палац прыйшоў у канчатвовы заняпад, ператварыўшыся ў здань былой эпохі.
Містычнае аблічча закінутага палаца спрыяла пачатку кінематаграфічнай старонкі ў гісторыі будынка: тут быў зняты першы беларускі фільм жахаў «Масакра» а таксама фільмы «Дом» і «Кіндэр-Вілейскi прывiд».
У 2014 годзе з'явіўся шанец на выратаванне помніка архітэктуры ад сумнага лёсу акапаліптычнай дэкарацыі: на аўкцыёне ён быў прададзены сям'і з Расіі. Новыя ўладальнікі планавалі правесці рэстаўрацыю і стварыць тут турыстычны аб'ект. Аднак з-за парушэння ўмоваў карыстання палацам у 2020 годзе дамова была анулявана і палац быў вернуты мясцовым уладам.
У лістападзе 2024 года палац у чарговы раз быў куплены з аўкцыёну расійскім інвестарам.
СТАТУС АБ'ЕКТА:
14.05.2007 пастановай Савету Міністраў комплексу былога палаца нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі.
ГЕАГРАФІЧНЫЯ КААРДЫНАТЫ:
СПАСЫЛКІ Ў СЕЦІВЕ:
старонка на рэсурсе Radzima.org
старонка на партале Глобус Беларусі
старонка на сайце Планета Беларусь
старонка на партале POSHYK.INFO
старонка на партале BELARUS.TRAVEL
старонка на сайце 34TRAVEL