СЯДЗІБА Ў ВЯЛІКІМ МАЖЭЙКАВА
СЯДЗІБА Ў ВЯЛІКІМ МАЖЭЙКАВА
ЧАС ПАБУДОВЫ:
XVIII-XIX стагоддзі
АРХІТЭКТАРЫ:
невядома
АРХІТЭКТУРНЫ СТЫЛЬ:
класіцызм
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
У XVI стагоддзі ў выніку дынастычнага шлюбу Мажэйкава ўпершыню трапіла ва ўласнасць старажытнага роду Хадкевічаў. Вялікі гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч будуе тут адну са сваіх рэзідэнцый. Мясцовыя легенды сцвярджаюць, што ў слупы ўяздной брамы маёнтку былі ўмураваныя каменныя ядры, прывезеныя гетманам у якасці ваенных трафеяў, а сажалкі каля сядзібы капалі 2000 палонных татараў ці туркаў.
У 1659 годзе войскі князя Хаванскага цалкам знішчылі Вялікае Мажэйкава. Маёнтак некалькі разоў змяняе ўласнікаў, каб у пачатку XVIII стагоддзя ізноў трапіць ва ўладанне Хадкевічаў. Менавіта брэсцкі ваявода Адам Тадэвуш Хадкевіч разбудаваў сядзібны комплекс, рэшткі якога захаваліся да нашага часу.
Комплекс аб'ядноўваў сядзібны дом (палац), две афіцыны, вялікі парк, флігель, гаспадарчыя пабудовы, альтанку, капліцу, фантан, дзве сажалкі. Тэрыторыя сядзібы была абнесена высокай агароджай з мураванымі слупамі.
Сядзібны дом быў двухпавярховы, мураваны, атынкаваны, з ламаным гонтавым дахам і портыкам з чатырма калонамі, стаяў на высокім падмурку. Дзве афіцыны былі збудаваныя з лістоўніцы і сваім выглядам нагадвалі галоўны сядзібны дом.
Парк быў заложаны ў 1787 годзе. Мае сіметрычную рэгулярна-восевую планіроўку. Апроч параднага партэра, складаецца з сістэмы баскетаў, падзеленых сеткай грабавых, ліпавых і кляновых алей. Парк мае статус батанічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння.
У 1821 годзе сядзібу ў Вялікім Мажэйкава наведаў расійскі імператар Аляксандр І.
У 1833 годзе Вялікае Мажэйкава купіў пружанскі падкаморы Караль Рафал Грабоўскі, пасля смерці якога маёнтак успадкаваў сын Станіслаў. Станіслаў Грабоўскі з пачатку ХХ стагоддзя стала жыў у Парыжы, сям'і не завёў і Вялікае Мажэйкава пасля яго смерці ў 1917 годзе перайшло ў спадчыну яго сёстрам.
У 1915 годзе пры адступленні казакі спалілі сядзібны дом. У агні згінулі каштоўныя абразы, скульптуры, мэбля і багатая бібліятэка. У пачатку 20-х гадоў пажар знішчыў адну з афіцынаў. У 1923 годзе адбыўся падзел маёмасці, у выніку якога Вялікае Мажэйкава стала ўласнасцю роду Верашчакаў, з якога паходзіла знакамітая Марыля - вялікае каханне і муза Адама Міцкевіча.
Апошні ўладальнік сядзібы Міхал Верашчака перарабіў ацалелую афіцыну пад жылы дом. Клапаціўся пра эканомічнае развіццё гаспадаркі: пабудаваў новы тартак, млын, невялікую электрастанцыю на рацэ Ішчалнянка. Былі набыты аўтамабіль, трактар і сучасная сельскагаспадарчая тэхніка.
У 1939 годзе маёнтак быў нацыяналізаваны. Пасля другой усясветнай вайны другая афіцына таксама была страчана (верагодна была разабрана, а на яе падмурках калгаснікі пабудавлі гаспадарчыя будынкі). Да сённяшняга часу захаваліся гаспадарчыя будынкі сядзібы: лямус, лядоўня, сабакарня, а таксама парк, які мае статус батанічнага помніка прыроды.
СТАТУС АБ'ЕКТА:
14.05.2007 пастановай Савету Міністраў фрагментам комплексу былой сядзібы нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі.
ГЕАГРАФІЧНЫЯ КААРДЫНАТЫ:
СПАСЫЛКІ Ў СЕЦІВЕ:
старонка на рэсурсе Radzima.org
старонка на партале Глобус Беларусі