ЧЫГУНАЧНАЯ СТАНЦЫЯ
Ў СКРЫБАЎЦАХ
ЧЫГУНАЧНАЯ СТАНЦЫЯ
Ў СКРЫБАЎЦАХ
ЧАС ПАБУДОВЫ:
1907 год
ЛАКАЛІЗАЦЫЯ:
Шчучынскі раён, Мажэйкаўскі сельсавет, аграгарадок Скрыбаўцы.
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
Будынак станцыі быў узведзены ў 1907 годзе на новапабудаванай чыгуначнай лініі «Балагое-Сядлец». Гэтую дарогу будавалі ў 1902-1907 гадах за кошт крэдыта, выдзеленага Францыяй. Асноўным прызначэннем чыгуначнай магістралі было забеспячэнне хуткай перакідкі войскаў з цэнтральнай Расіі да мяжы з Прусіяй.
Усе станцыі будаваліся па тыповых праектах, зацверджаных у Пецярбургу. Станцыя ў Скрыбаўцах мела чацвёрты клас і спачатку выглядала прыкладна так, як чыгуначная станцыя Гаўя ў Іўеўскім раёне.
Цікава, што першапачаткова чыгуначнае палатно і сама станцыя павінны былі знаходзіцца бліжэй да Вялікага Мажэйкава, аднак тагачасны ўладальнік сядзібы Станіслаў Грабоўскі нейкім чынам змог дабіцца пераносу будаўніцтва ў іншае месца, тым самым выратаваўшы ад прымусовай высечкі свае векавыя дубравы.
У 1917 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады пабудавалі вузкакаляёвую чыгунку, якая злучыла станцыю Скрыбаўцы з Васілішкамі.
15 красавіка 1919 года на чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы размясціўся штаб польскіх войскаў на чале з Юзафам Пілсудскім. На наступны дзень распачалося наступленне польскіх войскаў, у выніку якога яны авалодалі Лідай, Навагрудкам, Баранавічамі і Вільняй.
У 20-ыя гады ХХ стагоддзя станцыя ў Скрыбаўцах была перабудавана. У той час польскія ўлады імкнуліся надаць будынкам стылёвыя прыкметы нацыянальнай архітэктуры. Праект быў распрацаваны ў Вільні упраектным бюро Тадэвуша Раствароўскага. У выніку будынак набыў рысы так званага «правінцыйнага барока», дзякуючы акруглым формам портыка над уваходам і надбудове мансарднага паверху з высокім ламаным дахам, крытым гонтам. Такім чынам агульны выгляд вакзалу стаў прыгадваць тыповы шляхецкі сядзібны дом. На фасадзе будынку была ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Юзафа Пілсудскага.
Будынак быў пашкоджаны пад час Другой усясветнай вайны і пры далейшых перабудовах цалкам страціў ранейшы выгляд.
СПАСЫЛКІ: