Раствароўскі Тадэвуш Марыя (1860-1928)
Архітэктар, мастак, дызайнер.
Аўтар мноства архітэктурных праектаў, у тым ліку палацаў у Шчучыне і Жалудку, сядзібных дамоў у Галавічполі і Скабейках, чыгуначных станцый у Ражанцы і Скрыбаўцах, касцёла ў Сабакінцах (Першамайску).
Нарадзіўся 21.03.1860 у вёсцы Кавалеўшчызна каля Тыкоціна (Польшча).
Паступіў вучыцца ў школу ў Познані, а пасля ў 1870 годзе скончыў гімназію ў Варшаве.
Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, дзе ў 1885 годзе атрымаў ступень архітэктара. Дадатковую адукацыю па кваліфікацыі атрымаў за мяжой (Парыж, Рым, Мюнхен).
Пасля атрымання адукацыі пасяліўся ў Вільні, дзе заснаваў «Будаўнічае бюро Тадэвуша Раствароўскага і Казіміра Зімермана». Пасля сябе пакінуў значную архітэктурную спадчыну.
Пачаў будаваць палацы, сядзібы, касцёлы, даходныя дамы, гатэлі, вілы, чыгуначныя станцыі. Маляваў партрэты і акварэлі на міфалагічныя і алегарычныя тэмы.
У 1891 годзе ўдзельнічаў у калектыўным праектаванні імператарскага паляўнічага палаца ў Белавежы.
У 1919 годзе распрацаваў эмблему Літоўска-беларускіх дывізій.
У 1898 годзе Тадэвуш Раствароўскі ажаніўся з дачкой аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання Сафіяй Аляксандраўнай Аскеркай. У пасагу жонкі атрымаў частку вялікага маёнтка Мажэйкаў-Скабейкі (на мяжы сучасных Лідскага і Шчучынскага раёнаў), дзе з 1924 года гаспадарыў яго сын Андрэй Раствароўскі. Па праекце Тадэвуша Раствароўскага ў Скабейках быў пабудаваны прыгожы сядзібны дом.
Памёр 23.08.1928 у Вільні.