Раствароўскі Андрэй Тадэвушавіч (1899-1980)
Польскі вайсковец, гаспадарчы і грамадскі дзеяч, мемуарыст.
Нарадзіўся 30.05.1899 у Вільні ў сям’і архітэктара і мастака Тадэвуша Раствароўскага і Сафіі з Аскеркаў.
У 1910-1914 гадах навучаўся ў езуіцкай гімназіі ў Хырыве (Львоўшчына). У 1915-1917 гадах - у польскай гімназіі ў Маскве.
З верасня 1917 года служыў у Першым Польскім корпусе на Ўсходзе. Пазней браў удзел у польска-бальшавіцкай вайне. У 1922 годзе дэмабілізаваўся з войска.
Скончыў у Варшаве двухгадовыя курсы палітычных навук. З 1924 года пачаў гаспадарыць у маёнтку Скабейкі (на мяжы сучасных Лідскага і Шчучынскага раёнаў), дзе па праекце свайго бацькі збудаваў прыгожы сядзібны дом.
Браў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Шчучынскага павета, быў чальцом Віленска-Навагрудскай сельскагаспадарчай палаты, прымяняў наватарскія падыходы ў вядзенні гаспадаркі.
Вясной 1939 года быў прызваны ў войска. Пасля бітвы за Варшаву трапіў у гітлераўскі палон. Быў вызвалены савецкімі войскамі, з 1945 года жыў у Кракаве і працаваў ў гідратэхнічнай арганізацыі.
Пасля выхаду на пенсію захапіўся мемуарыстыкай.
Быў узнагароджаны Крыжам Валечных (4 разы), Срэбным Крыжам Заслугі і медалямі.
Памёр 02.10.1980 у Кракаве.