СЯДЗІБА Ў КАСЦЯНЕВА
СЯДЗІБА Ў КАСЦЯНЕВА
ЧАС ПАБУДОВЫ:
канец ХІХ стагоддзя
АРХІТЭКТАРЫ:
невядомы
АРХІТЭКТУРНЫ СТЫЛЬ:
класіцызм
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
Назва Касцянева ці Касцянёва паходзіць ад прозвішча першага вядомага ўладальніка маёнтку – Януша Станькавіча Касцевіча – маршалка гаспадарскага, ваяводы віцебскага і падляскага – аднаго з найбагацейшых шляхцічаў у Вялікім княстве Літоўскім. У 1524 годзе адзіная дачка Януша Ганна пашлюбілася з вялікім падчашым літоўскім Янушам Радзівілам, прынесшы яму ў пасагу ўладанні бацькі.
У сярэдзіне XVII стагоддзя ўласнікам Касцянева быў слонімскі стараста Стэфан Францкевіч-Радзімінскі, дачка якога пабралася шлюбам з Вітольдам Александровічам. Згодна з мясцовымі паданнямі Александровічы збудавалі тут вялікі двухпавярховы палац з лістоўніцы, які быў знішчаны пад час вайны са шведамі (захавалася толькі ўяздная брама).
Па кудзелі Касцянева перайшло ва ўласнасць Самуэля Кастравіцкага. У канцы ХІХ стагоддзя на магутных падмурках ранейшай пабудовы, датаванай ХVII стагоддзем (існуне легенда, што яе будавалі масоны як месца збору ложы), Кастравіцкія ўзвялі сядзібны дом, які захаваўся да нашых дзён.
Пад час Першай святовай вайны ў маёнтку размясціўся штаб рускага вайсковага корпуса. У 1915 годзе з-за наступлення нямецкіх войскаў Кастравіцкіх прымусова эвакуавалі ў глыб Расіі. У віхуры вайны і рэвалюцый было разрабавана і знішчана багатае ўнутранае аздабленне сядзібнага дома.
Ян Люцыян Кастравіцкі быў апошнім уласнікам сядзібы. Тут выхоўваліся яго сыны – Ежы Самуэль і Андрэй Самуэль. Пад час Другой усясветнай вайны абодва браты прымалі актыўны ўдзел у дзейнасці структур польскага падполля, а касцянеўская сядзіба выконвала ролю гаспадарчай базы Шчучынскай акругі Арміі Краёвай.
Пасля заканчэння вайны браты Кастравіцкія перабраліся ў Польшчу, дзе зрабілі паспяховую навуковую кар'еру і сталі прафесарамі Польскай Акадэміі навук.
Сядзіба ў савецкі час была прыстасавана пад школу, а пасля яе закрыцця ў 2002 годзе была фактычна закінута.
У 2018 годзе мясцовы фермер выкупіў сядзібу з мэтай яе аднаўлення, але справа не пайшла.
СТАТУС АБ'ЕКТА:
аб'ект не мае якога-кольвек ахоўнага статусу
ГЕАГРАФІЧНЫЯ КААРДЫНАТЫ:
СПАСЫЛКІ Ў СЕЦІВЕ:
старонка на рэсурсе Radzima.org