Ежы Самуэль Кастравіцкі (1918-2002)
Польскі навуковец, педагог, доктар геаграфічных навук, прафесар.
Нарадзіўся 27.01.1918 у вёсцы Касцянева (зараз – Шчучынскі раён).
Вучыўся эканоміцы ў Галоўнай гандлёвай школе.
Пад час Другой усясветнай вайны прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці падапольных структур Арміі Краёвай на Шчучыншчыне. Прымаў удзел у Варшаўскім паўстанні.
Пасля 1945 года вывучаў геаграфію ў Варшаўскім універсітэце.
Працаваў у Бюро па адбудове сталіцы.
З 1949 года выкладаў у Галоўнай гандлёвай школе ў Варшаве.
У 1951 годзе скончыў дактарантуру пры Варшаўскім універсітэце.
З 1954 года – прафесар Інстытута геаграфіі і тэрытарыяльнага гаспадарання Польскай Акадэміі навук, з 1978 года – загадчык кафедры сельскагаспадарчай геаграфіі.
У 1976-1980 гадах – віцэпрэзідэнт Міжнароднага геаграфічнага саюза.
Даследаваў функцыі гарадоў, метады актывізацыі слаба развітых рэгіёнаў, эфектыўнае выкарыстанне зямель і тыпалогію сельскай гаспадаркі.
Выкладаў у ЗША і Канадзе.
Ганаровы сябра геаграфічных таварыстваў Брытаніі, Сербіі, Харватыі.
Узнагароджаны Залатым Крыжам Заслугі з Мячамі, Крыжам Арміі Краёвай, Партызанцкім Крыжам і Грунвальдскай Адзнакай.
Памёр 11.07.2002 у Варшаве.