ЕШЫВА Ў ШЧУЧЫНЕ
ЕШЫВА Ў ШЧУЧЫНЕ
ЧАС ПАБУДОВЫ:
канец ХІХ стагоддзя
АРХІТЭКТАРЫ:
невядомы
АРХІТЭКТУРНЫ СТЫЛЬ:
мадэрн
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ:
У люстрацыі Шчучына ад 1613 года ўпершыню ўзгаданы яўрэй-арандатар. У 1766 годзе ў Шчучын быў ужо асяродкам малога яўрэйскага кагалу, які налічваў 401 чалавекі яўрэйскай нацыянальнасці і па ўсіх справах падлягаў вярхоўнай уладзе кагалу Гродна. У 1875 годзе быў утвораны самастойны гарадскі кагал Шчучына. У 1897 годзе доля яўрэяў у насельніцтве мястэчка перавысіла 77%.
Яўрэі Шчучына мелі пачатковыя школы (некалькі хедэраў і невялікую талмуд-тору), а таксама сінагогу (бэйт-мідраш). Каля 1900 года была заснавана ешыва – рэлігійная школа вышэйшай ступені. У 1908 годзе яе ўзначаліў знакаміты рабін Егуда Лейб Хасман. За кароткі час шчучынская ешыва «Анаф Кнэсет Ісраэль», якая лічылася філіялам знакамітай ешывы ў Слабодцы каля Коўна, набыла вялікую папулярнасць. Колькасць яе вучняў дасягнула 300 чалавек.
Сярод вядомых яўрэяў, чый лёс быў звязаны са Шчучынам, варта прыгадаць журналістаў, пісьменнікаў і перакладчыкаў Бэн-Элізера і Рафаэля Хасмана, выкладчыка Талмуда, кіраўніка знакамітай Мірскай ешывы Хаіма Лейба Шмулевіча.
Мураваны будынак ешывы быў ўзведзены ў цэнтры мястачка на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў каля сінагогі. У гады Другой усясветнай вайны яўрэйскае насельніцтва Шчучына было сканцэнтравана ў гета. 9 мая 1942 года больш за 2000 вязняў гета былі расстраляны на ўскрайку мястэчка. У апусцелым яўрэйскім квартале ўспыхнуў пажар, які знішчыў шмат будынкаў, у тім ліку і сінагогу.
Ешыва ацалела і ў пасляваенны час выкарыстоўваляся ў якасці адміністрацыйнага будынку і крамы.
У пачатку ХХІ стагоддзя будынак быў куплены мясцовым прадпрымальнікам, які ў 2006-2007 гадах грунтоўна яго перабудаваў: быў заменены дах, дададзены мансардны паверх, дабудаваны дадатковыя аб'ёмы, зменены выгляд фасадаў. Выкарыстаўваецца пад здачу ў арэнду гандлярам.
ГЕАГРАФІЧНЫЯ КААРДЫНАТЫ:
СПАСЫЛКІ Ў СЕЦІВЕ:
старонка на рэсурсе Radzima.org
старонка на партале Глобус Беларусі