Антоні Тызенгаўз (1733-1785)
Палітычны і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, Гродзенскі стараста, уладальнік Жалудка.
Нарадзіўся ў 1733 годзе ў Наваельні (цяпер – Дзятлаўскі раён).
З 1764 года – канюшы літоўскі, з 1765 года – падскарбій надворны літоўскі, стараста Гродзенскі.
У 1765 годзе па даручэнні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён прыняў кіраўніцтва каралеўскімі эканоміямі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Як Гродзенскі староста вырашыў упарадкаваць Гродна на ўзор сталіцы дзяржавы.
З намерам пашырэння асветы ў краі заснаваў у Гродна кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую школы. Стварыў тэатр, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, спевакоў і харэографаў. Для падрыхтоўкі ўласных артыстаў з прыгонных сялян стварыў тэатральную школу.
У 1775 годзе набыў у Вільні друкарню, у якой выдаваліся падручнікі, календары, часопіс «Gazety Wilenskie».
У 1775-76 гадах арганізаваў першую друкарню ў Гродна. Тут друкаваліся арыгінальная і перакладная літаратура, навуковыя працы, падручнікі, стараславянскія, польскія, лацінскія малітоўнікі, «Каляндар гаспадарчы», «Літоўскі веснік», афіцыйныя дакументы, а таксама першае на Беларусі перыядычнае выданне «Gazeta Grodzienska» («Гродзенская газета»).
Няўдалая гаспадарчая палітыка, інтрыгі магнатаў, незадаволеных актыўнай дзейнасцю Тызенгаўза, сталі прычынай яго адхілення ў 1780 годзе ад кіравання эканоміяй. Апошнія гады жыцця ён правёў у Паставах.
Памёр 31.03.1785 у Варшаве.
Пахаваны ў фамільным склепе ў Жалудку.