Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761-1847)
Натураліст, педагог, выпускнік, выкладчык і рэктар Шчучынскай школы піяраў.
Нарадзіўся 06.05.1761 у Ясенцах (зараз – Воранаўскі раён).
Атрымаў пачатковую адукацыю дома, а потым (з 14-ці гадоў) у піярскіх школах Ліды, Шчучына і Любяшова – сярэднюю адукацыю.
У 1781 годзе быў накіраваны ў галоўную школу ВКЛ у Вільню на двухгадовыя філасофскія ордэнскія курсы, а потым – на тэалагічныя (багаслоўскія).
Пасля настаўніцкай дзейнасці ў піярскай школе ў Расеніцах, куды яго накіравалі адразу пасля заканчэння вучобы ў Любяшове, а потым у Вільні, ён стаў настаўнікам у Шчучыне. Акрамя гэтага, кіраўніцтвам ордэна ён быў прызначаны гувернёрам у сям'ю Сцыпіёнаў.
Станіслаў Баніфацы Юндзіл быў адным з першых настаўнікаў, які арганізаваў вучнёўскую працу згодна статута Камісіі Нацыянальнай Адукацыі. Ён заахвоціў да працы двух іншых настаўнікаў і тры маладыя наватары зрабілі з Піярскай калегіі Шчучына адну з найбольш сучасных як на тыя часы школу ў галіне навучання прыродазнаўству. У 1785 годзе Юндзіл закладвае школьны батанічны сад, адзін з першых у Рэчы Паспалітай.
У Шчучыне ён пачынае сур'ёзна вывучаць батаніку і збіраць расліны па-навуковаму, камплектуючы свой гербарый у ваколіцах Ліды, Шчучына, Вільні. У 1790 годзе пачынае чытаць лекцыі прыродазнаўства ў віленскай піярскай калегіі.
У 1792 годзе малады прыродазнаўца наведаў Вену і вярнуўся ў Вільню як усебакова адукаваны прыродазнаўца і апантаны фларыст. Cтаніслаў Баніфацы Юндзіл пачаў чытаць свае лекцыі батанікі ў Галоўнай Літоўскай Школе ў 1798 годзе. У ліпені 1799 года ён прыняў батанічны сад. У 1825 годзе колькасць відаў, якія вырошчваліся ў Батанічным садзе Віленскага універсітэта, ужо дасягала 6500.
У 1800 годзе Юндзіл напісаў доктарскую працу па тэалогіі, што дазволіла яму атрымоўваць розныя пасады ва ўніверсітэце, нават тыя, якія не былі звязаны з яго кваліфікацыямі. З 1803 года ён быў прафесарам у рэфармаваным Аляксандрам І Віленскім універсітэце. Юндзіл яшчэ ў пачатку сваёй прафесарскай дзейнасці быў аўтарам дзвюх важных кніг: «Флоры літоўскай» і «Ужытковай батанікі». У 1804 годзе у Варшаве выходзіць першы том кнігі, прызначанай для школ, пад назвай «Пачаткі батанікі, 1 частка. Фізіялогія раслін», а 2 частка – «Навука тэрміналогіі» – была апублікавана ў 1805 годзе. Таксама апрацаваў падручнік «Кароткі нарыс заалогіі» у трох тамах (Вільня, 1807 год).
У 1823 годзе Юндзіл пакіде пасаду прафесара батанікі і заалогіі ў Віленскім універсітэце. У 1826 годзе ён адпраўляецца ў падарожжа на лячэнне ў Карлсбад.
Апошнія гады жыцця навукоўцы не былі радасныя. Цяжка хворы, пазбаўлены зроку, ён перажыў заняпад свайго ўлюбёнага ўніверсітэта, зачыненне медыка-хірургічнай акадэміі і знішчэнне Батанічнага сада, які быў перароблены ў парк.
Памёр 15.04.1847 у Вільні, дзе быў пахаваны на Бернардынскіх могілках.