Вітольд Урублеўскі (1924-2008)
Удзельнік польскай партызанкі на Шчучыншчыне, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 20.03.1924 у Занявішы (зараз – Шчучынскі раён) у сям'і польскага легіянера і асадніка. Вучыўся ў Навадворскай школе, а потым – у Шчучынскай гімназіі.
З пачатку 1941 года дзейнічаў у структурах польскага падполля. У 1944 годзе змагаўся пад Вільняй. Быў арыштаваны органамі НКВД і трапіў у Гродзенскую турму. Быў залічаны ў шэрагі Народнага Войска Польскага. Браў удзел у баях за Варшаву, Паморскі Вал, Берлін.
У чэрвені 1945 года дэмабілізаваўся і атрымаў дазвол забраць сваю маці і рэпатравацца ў Польшчу. Аднак, пасля вяртання на радзіму, быў арыштаваны за супрацоўніцтва са структурамі Арміі Краёвай. Здолеў збегчы з арышту і далучыўся да польскага падполля.
12 мая 1949 года трапіў у засаду войск НКВД. У баі загінуў камандзір Анатоль Радзівонік, а Вітольд быў паранены і трапіў у палон. Яго прыгаварылі да смяротнага пакарання, якое замянілі на 25 гадоў лагераў.
Пасля 15 гадоў зняволення выйшаў на свабоду, але не атрымаў дазволу выехаць у Польшчу. Пасяліўся недалёка ад Львова. З канца 1980-х гадоў актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным жыцці польскай супольнасці Львова. Напісаў успаміны аб сваім удзеле ў вайне і жыцці ў няволі.
Узнагароджаны Крыжам Грунвальдскім, Крыжам Партызанскім, Афіцэрскім і Камандорскім Крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы.
Памёр 26.04.2008 у Львове.