Хведар Якубавіч Нюнька (1928-2018)
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
Нарадзіўся 06.04.1928 у Алешавічах (на мяжы сучасных Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў).
У 1936 годзе сям’я пераехала на кватэру ў Шчучын, дзе бацька адчыніў краму галантэрыі і школьных прыладаў. Пад час гітлераўскай акупацыі Хведар вучыўся ў Шчучынскай гімназіі, дзе ўсвядоміў сябе беларусам.
У 1943 годзе сям’я Нюнькаў пераехала ў Вільню. У 1948 годзе Хведар скончыў расійскую гімназію імя Чарняхоўскага. Вучыўся на лясным факультэце Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі (скончыў у 1953 годзе).
Працаваў некаторы час шафёрам у Вільні і Коўне, затым пераехаў у Яшуны, дзе атрымаў пасаду ляснічага. У 1957 годзе вярнуўся ў горад Вільню.
З 1959 года памяняў спецыяльнасць лесніка на будаўніка. Цягам 35 гадоў працаваў галоўным спецыялістам па каштарысах у праектных будаўнічых інстытутах Вільні.
З 1980-х гадоў вёў актыўную грамадска-культурную працу па адраджэнні беларускасці ў Літве. Далучыўся да працы ў клубе «Сябрына».
Ад утварэння 4 лютага 1989 года да 29 верасня 2014 года ён з’яўляўся старшынёй Таварыства беларускай культуры ў Літве.
Памёр 15.08.2018 у Вільнюсе.