Максіміліян Адрых (1888-1962)
Каталіцкі святар, рэктар Шчучынскага піярскага калегіума.
Нарадзіўся 08.10.1888 у вёсцы Льняно недалёка ад Быдгошчы. У 1906 годзе скончыў гімназію ў Кракаве. У тым жа годзе ўступіў у ордэн піяраў, пачаў навучанне ў навіцыяце ордэна ў Кракаве, працягваў навучанне ў Іспаніі і Ягелонскім універсітэце.
У 1914 годзе быў змабілізаваны ў германскае войска ў якасці капелана.У 1918 годзе ўступіў у шэрагі Войска Польскага, адкуль дэмабілізаваўся ў 1919 годзе ў званні капітана. Выкладаў у настаўніцкай семінарыі ў Торуні, гімназіі ў Хойніках, быў дырэктарам і настаўнікам гімназіі ў Раковіцах каля Кракава.
З 1922 года быў адміністратарам былога піярскага асяродку ў Шчучыне, выкладаў рэлігію ў школах Ліды. У 1927 годзе ў Шчучын быў пераведзены навіцыят піяраў (40 навучэнцаў і 2 прафесары). Айцец Максіміліян быў прызначаны першым рэктарам адроджанага калегіума і пробашчам Шчучынскага касцёла. У 1931 годзе Максіміліян Адрых прымае рашэнне ўступіць у ордэн камедулаў і пакідае Шчучын.
Пад час Другой усясветнай вайны трапіў у Венгрыю, адкуль вярнуўся ў 1945 годзе. Уступіў паўторна ў ордэн піяраў, служыў у розных касцёлах ў Сылезіі і ў Малапольшчы.
Памёр 30.05.1962.