Стэфан Вацлававіч Іваноўскі (1907-1944)
Польскі інжынер, лётчык, удзельнік Варшаўскага паўстання.
Нарадзіўся 10.03.1907 у Лябёдцы (зараз – Шчучынскі раён) у сям’і Вацлава Іваноўскага і Сабіны з Янчыкоўскіх.
Вучыўся ў гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста і гімназіі імя Лелявеля ў Вільні.
Паступіў на электрычны факультэт Варшаўскай політэхнікі. Пад час вучобы захапіўся авіяцыяй. Быў актыўным чальцом Варшаўскага аэраклубу; у 1933, 1934 і 1936 гадах перамагаў у агульнапольскіх спартыўных авіяцыйных спаборніцтвах.
Скончыў школу ваенных лётчыкаў у Дэмбліне і быў прыпісаны да рэзерву 5-га авіяпалка ў Лідзе.
У 1936 годзе скончыў навучанне ў Варшаўскай політэхніцы і вярнуўся на малую радзіму. Гаспадарыў у маёнтку Баяры каля Галавічполя.
У 1939 годзе быў мабілізаваны ў войска. 17.09.1939 года вярнуўся ў родныя мясціны, але неўзабаве, ратуючыся ад бальшавікоў, перабраўся з сям’ёй у Літву ў Алькенікі.
У 1942 годзе быў арыштаваны і скіраваны ў літоўскі працоўны лагер. Збег з лагеру і перабраўся ў Варшаву, дзе далучыўся да падпольных структураў Арміі Краёвай.
Пад час Варшаўскага паўстання змагаўся ў складзе баявой групы. Адмовіўся складаць зброю і разам з баявымі таварышамі загінуў у баі над Піліцай 13.10.1944.
Пахаваны на Могілках варшаўскіх паўстанцаў на Волі.