Аляксандр Хведаравіч Яцэвіч
(Алесь Змагар) (1903-1995)
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, празаік, драматург, дзеяч эміграцыі.
Нарадзіўся 01.10.1903 у вёсцы Цараўцы (зараз – Слуцкі раён).
Скончыў народную пачатковую школу і ў 1914 годзе паступіў у Слуцкую гімназію.
У 1920 годзе разам з бацькам прыняў удзел у Слуцкім паўстанні.
У 1925-1930 гадах навучаўся ў Мінскім вышэйшым педагагічным інстытуце. Пасля паступіў у вячэрні рабочы ўніверсітэт.
У 1930 годзе, ратуючыся ад рэпрэсій, з'ехаў на Кубань, дзе скончыў курсы кавалерыстаў і дэмабілізаваўся камандзірам запасу. Вярнуўся ў Беларусь. Працаваў настаўнікам.
У снежні 1940 года быў мабілізаваны ў войска. У акупаванай гітлераўцамі Беларусі ўключаецца ў нацыянальны рух. Працуе журналістам у рэдакцыі «Беларускай газеты», школьным інспектарам у Радашкавічах і Вілейцы.
У жніўні 1942 года быў прызначаны школьным інспектарам Васілішкаўскага павета. У 1943 годзе прызначаецца школьным інспектарам у Жалудоцкі, а пазней у Шчучынскі павет.
У чэрвені 1944 года быў абраны дэлегатам ад Лідскага павета на Другі Ўсебеларускі кангрэс.
З ліпеня 1944 года ў эміграцыі. Жыў у Аўстрыі, Францыі. Уваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
З 1956 года жыў у ЗША ў Кліўлендзе, дзе выдаў шэраг кніг і газету «Незалежная Беларусь». Апошнія гады жыцця правёў у Фларыдзе.
Памёр у 1995 годзе.